Валерый Цапкала пакінуў Беларусь і вывез дзяцей

Экс-прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзідэнта Валерый Цапкала выехаў з Беларусі разам са сваймі дзецьмі. Пра гэта belsat.eu паведаміла крыніца ў атачэнні палітыка.

Паводле звестак нашага суразмоўцы, Цапкала выехаў позна мінулай ноччу. Імаверны кірунак – Масква, дадае крыніца.

У каментары TUT.by Вераніка Цапкала пацвердзіла, што ейны муж выехаў з Беларусі разам з дзецьмі пасля таго, як атрымаў інфармацыю пра магчымае затрыманне.

«Мы атрымалі інфармацыю з даставерных крыніцаў, што майго мужа плануюць затрымаць па надуманых абставінах. Мы не ведалі, што гэта за абставіны, але два дні таму пракуратура прыйшла ў школу, где навучаюцца мае дзеці, і прасілі настаўнікаў напісаць заявы. Як я разумею, яны запусцілі працэс па пазбаўленні мяне бацькоўскіх правоў», – сказала Вераніка.

Вераніка Цапкала. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Сама Вераніка застаецца ў Беларусі, каб працягваць працу ў аб’яднаным штабе Святланы Ціханоўскай.

Валерый Цапкала: «Я, безумоўна, планую вяртацца ў краіну»

Пазней Валерый Цапкала ў інтэрв’ю TUT.by пацвердзіў, што знаходзіцца ў Расеі.

«У мяне ёсць добрыя сябры ў праваахоўных органах. І калі з аднаго органа з трох літар паступілі звесткі, я часова вырашыў не паказваць, дзе я знаходжуся. Але калі ўжо з другога органа з трох літар мне сказалі дакладна, што дадзеная каманда аб маім арышце, я стаў падумваць аб тым, каб з’ехаць.

І ў гэты час да дзяцей у школу прыйшлі работнікі пракуратуры і пачалі ў настаўнікаў, завуча, дырэктара школы патрабаваць, каб яны падпісвалі нейкія паперы ў дачыненні да нашага дзіцяці. Я не ведаю, што за характар ​​папер, а адна настаўніца прыйшла вельмі усхваляваная і распавяла нам. Таму я забраў дзяцей і павёз у Маскву», – сказаў Цапкала.

Палітык дадаў, што плануе вярнуцца ў Беларусь.

«У цэлым у краіну пасля выбараў я, безумоўна, планую вяртацца. Тут усё будзе залежаць ад зыходу, але калі ў Беларусі будзе горача, я прыеду раней чым 9 жніўня», – сказаў ён.

Раней Святлана Ціханоўская таксама вывезла пасля пагрозаў дзяцей з Беларусі ў Еўразвяз.

Дзяцей Святланы Ціханоўскай вывезлі з Беларусі ў Еўразвяз

Нагадаем, падставай для адмовы ў рэгістрацыі Валерыя Цапкала кандыдатам у прэзідэнты стала недастатковая колькасць сапраўдных подпісаў – менш за 100 тысяч. Ён перадаваў у ЦВК амаль 160 тысяч подпісаў, аднак тэрытарыяльныя камісіі іх масава анулявалі. У выніку яму залічылі крыху больш за 78 тысяч подпісаў.

Паводле ЦВК, жонка Цапкалы Вераніка не паказала, што ў яе ва ўласнасці ёсць акцыі Прыёрбанку. У ЦВК гэта назвалі «істотнай неадпаведнасцю» патрабаванням да дакументаў кандыдата.

Валерый Цапкала падаў у Вярхоўны суд скаргу на рашэнне ЦВК аб адмове ў рэгістрацыі, аднак інстанцыя пакінула рашэнне без зменаў.

КА belsat.eu

Hавiны