Абаронцаў прэтэндэнта ў кандыдаты на прэзідэнта з 20 чэрвеня не пускаюць у СІЗА КДБ. Пра гэта распавёў адзін з адвакатаў Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі ў каментары «Інтэрфакс-Захад»:
«Па стане на дадзены момант у мяне няма пацверджання, што сустрэча з маім падабаронным можа адбыцца. Ніякіх кантактаў з падабаронным у яго адвакатаў не было з суботы, 20 чэрвеня, калі ў маёй прысутнасці выконваліся працэсуальныя дзеянні ў СІЗА КДБ», – сказаў Дзмітрый Лаеўскі.
Адвакатам таксама нічога невядома наконт фізічнага стану спадара Віктара. Паводле Дзмітрыя Лаеўскага, у інтэрнэце з’яўляюцца ўкіды, якія насцярожваюць, і яны павінныя асабіста пераканацца, што гэтыя ўкіды непраўдзівыя.
Абаронца таксама дадаў, што яны дасюль не атрымалі адказу на ніводную скаргу. Адмовы ў сустрэчы з падабаронным «паступаюць у вуснай форме» пад маркаю супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.
Віктара Бабарыку затрымалі разам з сынам Эдуардам 18 чэрвеня. У КДБ заявілі, што іх затрымалі ў сувязі з «супрацьпраўнай дзейнасцю, спробамі ўплыву на сведак, спробы схаваць слядоў былых злачынстваў і здымання буйной сумы з падкантрольных рахункаў». Пасля затрымання насуперак законнай працэдуры да Бабарыкі і ягонага сына не дапусцілі адвакатаў. Цяпер абодва знаходзяцца ў СІЗА КДБ, супраць іх выстаўленыя абвінавачванні, але ані адвакаты, ані Дзяржкантроль не кажуць, паводле якога артыкулу. Праваабаронцы прызналі Віктара Бабарыку палітычным зняволеным. Еўразвяз патрабуе ягонага неадкладнага вызвалення.
ДР belsat.eu