Усё самае цікавае толькі пачынаецца! Раскрываем сакрэты «Белсату»!


Напрыканцы году мы традыцыйна падводзім вынікі працы. 2018 год атрымаўся вельмі насычаным і ўдалым.

На пачатку 2018 году мы правялі вялікае даследаванне і цяпер яшчэ лепей разумеем, якім вы хочаце бачыць «Белсат». Таму сёлета мы павялічылі колькасць праграмаў, каб кожны з вас знайшоў штосьці для сябе:

Intermarium і Даты праўды – для тых, хто хоча ведаць гісторыю. Тэрыторыя праўды – для тых, хто цікавіцца палітыкаю. Я не буду гэта есці – для гурманаў. Хай Так – для тых, хто любіць добра пасмяяцца. Welcome ў Беларусь – пра замежнікаў і Беларускі свет пра беларусаў замежжа.

Мы абяцалі вам, што пашырым супрацу з BBC і мы гэта зрабілі.

З панядзелка да пятніцы нашыя калегі з Лондану рыхтуюць для вас унікальныя матэрыялы. А гэта значыць – яшчэ больш аб’ектыўнай і незалежнай інфармацыі пра Еўропу і свет.

Пашырылася і нашая сетка карэспандэнтаў у Расеі, а ва Украіне ў нас атрымалася адчыніць карпункт.

Галоўная падзея гэтага года ў Беларусі – 100 гадоў БНР. Святкаванне Дня Волі адбылося ў цэнтры сталіцы. Мы не маглі прайсці міма гэтай гістарычнай падзеі. Тысячы наведнікаў, дзясяткі выступоўцаў і адная з найскладанейшых жывых трансляцыяў «Белсату». Падчас канцэрту хтосьці пачаў красці дроны, на якія журналісты здымалі падзею. Намагаліся адключыць і мабільную сувязь, праз якую вялася трансляцыя. Нягледзячы на ўсе перашкоды, мы здолелі паказаць вам святочны канцэрт.

Можаце быць пэўныя, што нават у самых цяжкіх умовах мы знойдзем спосаб данесці да вас свежую і праўдзівую інфармацыю з самага цэнтру падзеяў!

Трансляцыю канцэрту на YouTube паглядзела некалькі дзясяткаў тысячаў чалавек.

А цалкам за год толькі на youtube-каналах «Belsat News» і «Вот так» вы паглядзелі нашыя відэа больш за 40 мільёнаў разоў!

Таму мы пашырылі сетку YouTube-каналаў. Цяпер іх у нас ажно 9!

Для тых, хто аддае перавагу тэлевізарам, але паступова пераходзіць у лічбавы свет, мы стварылі дадатак для «Smart TV». Калі вы маеце тэлевізар «Samsung», альбо іншы з Android – дастаткова інсталяваць нашае прыкладанне Belsat Live. А калі вы карыстаецеся выключна тэлефонам – можна чытаць і глядзець навіны ды наўпроставы эфір, спампаваўшы праграму для Android і iOS.

Чытаць нас можна ва ўсіх сацыяльных сетках і нават ва ўласнай пошце.

Для меламанаў мы запусцілі свой канал на SoundCloud, дзе ў любы час можна слухаць Belsat Music Live – цалкам і асобныя песні.

Нам не абыякава! Кожны дзень нашыя журналісты ездзяць па ўсёй краіне і асвятляюць праблемы звычайных беларусаў. Кагосьці бароняць ад міліцэйскага бязмежжа, камусьці дапамагаюць адстаяць свае правы.

«Сёння зранку меў сустрэчу з прадстаўнікамі парламенту – са спадарынямі Анісім і Канапацкай. З імі мы размаўлялі аб справах, звязаных з правамі чалавека. Яны звярталі ўвагу, што тут шмат працы, шмат што трэба зрабіць уладам Беларусі. Але хачу адзначыць, што пачуў вельмі шмат добрых словаў пра «Белсат». Бо тэлеканал інфармуе пра ўсе выпадкі парушэння правоў чалавека. Мне спадабалася гэтая добрая ацэнка працы тэлеканалу», – адзначыў міністр замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч.

На жаль, улады Беларусі ацэньваюць гэта па-іншаму. У гэтым годзе, калі параўноўваць з мінулым, ціск павялічыўся ўдвая. Амаль кожны тыдзень у дачыненні да нашых журналістаў узбуджаюць адміністратыўныя справы. Агулам за два гады нам прысудзілі штрафаў амаль на $75 000.

Мы змяняемся, але адначасова замацоўваем нашыя прынцыпы і каштоўнасці. Беларуская мова застаецца для нас найважнейшым элементам нацыянальнай культуры. Сёлета мы прэзентавалі ўнікальны сэрвіс «Dobrapis», які дапамагае пазбягаць памылак у беларускамоўных тэкстах.

У той час, калі мы рабілі рэвалюцыю ў пісьменнасці, армяне зрабілі рэвалюцыю ў сваёй краіне. А Сяргей Пеляса і Сяргей Марчык усё гэта знялі!

Ужо традыцыйна нашыя фільмы трапілі на міжнародныя кінафестывалі.

Стужка «Summa» Андрэя Куцілы атрымала ўзнагароду за найлепшы дакументальны сярэднеметражны фільм на Міжнародным кінафестывалі дакументальнага кіно ў Амстэрдаме.

Яшчэ адну ўзнагароду Андрэй атрымаў на фестывалі ў Славаччыне за фільм «Цар гары».

Стужка «Хатнія гульні» маладой рэжысёркі Аліcы Каваленкі ўзяла галоўную ўзнагароду на міжнародным фестывалі ў Адэсе.

Узнагародамі адзначаны і шэраг рэпартажаў «Белсату».

Наперадзе новы год і новыя выклікі, таму мы ўжо рыхтуем для вас некалькі сюрпрызаў.

На экраны вяртаюцца дэбаты «Тэрыторыя праўды» – новы вядучы, новыя эксперты і самыя гарачыя тэмы.

Belsat Music Live адчыняе дзверы студыі для гледачоў! Цяпер можна не толькі паслухаць, але і патанчыць, як на сапраўдным канцэрце!

Праліваем святло на таямніцы беларускай культуры. Ад новага году на вашых экранах містычная і страшэнна цікавая праграма – Лабірынты.

Дзякуем, што былі з намі ўвесь год!

Заставайцеся і надалей, усё самае цікавае толькі пачынаецца!

Стужка навінаў