Украіна закрылася для расейцаў

ВІДЭА

Украінская мяжа. Фота: Pyotr Sivkov/TASS

Украінскія ўлады ўвялі забарону на ўезд у краіну для расейскіх мужчынаў узростам ад 16 да 60 гадоў.

Пятро Парашэнка пракаментаваў пастанову ў «Twitter’ы».

«Украіна ўвяла абмежаванні на ўезд грамадзянаў РФ мужчынскага полу векам ад 16 да 60 гадоў, каб РФ не фармавала ва Украіне атрадаў «прыватных» арміяў, якія насамрэч ёсць прадстаўнікамі Узброеных сілаў РФ. Каб не даць расейцам ажыццявіць ва Украіне тых аперацыяў, што планаваліся яшчэ ў 2014 годзе».

На прапускных пунктах узмоцненыя захады кантролю. Пры гэтым кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Пятро Цыгыкал заявіў на сустрэчы з Парашэнкам, што ўезд на тэрыторыю краіны абмежавалі і для іншых замежнікаў.

Ва Украіну будуць прапускаць расейцаў, якія едуць «на пахаванне ці з нейкай іншай гуманітарнай мэтай», паведамляе Дзяржаўная памежная служба.

Вярхоўная Рада Украіны 26 лістапада зацвердзіла ўказ прэзідэнта Пятра Парашэнкі аб увядзенні ваеннага становішча. Яго ўвялі з 9-й раніцы 28 лістапада на 30 дзён, то бок да 27 снежня ў дзесяці вобласцях краіны – тых, якія мяжуюць з Расеяй, Прыднястроўем і ўзбярэжжам Чорнага мора, а таксама ў памежнай з Беларуссю Чарнігаўскай вобласці.

Увядзенне ваеннага становішча ініцыяваў сакратар РНБА Аляксандр Турчынаў пасля таго, як дзень раней Расея захапіла тры ўкраінскія караблі ў Керчынскай пратоцы.

Што чакаць беларусам ад ваеннага становішча ва Украіне?

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары