У РПЦ назвалі бясплатнымі прастытуткамі жанчын, якія жывуць грамадзянскім шлюбам


Дзімітрый Смірноў.
Фота: РИА Новости / Кирилл Каллиников

Прадстаўнік Расейскай праваслаўнай царквы раскрытыкаваў жанчын, якія згаджаюцца на грамадзянскі шлюб. Пра гэта паведамляе «Интерфакс».

На сустрэчы з удзельнікамі праваслаўнай супольнасці «OrthodoxBRO» кіраўнік патрыяршай камісіі па справах сям’і протаіерэй Дзімітрый Смірноў заявіў, што жанчыны не разумеюць, што такое шлюб.

«Неахвота сказаць, што «я бясплатная прастытутка», таму кажуць: у мяне грамадзянскі шлюб. Не! Ды не, ты проста бясплатна аказваеш паслугі – і ўсё, а так цябе ніхто за жонку не лічыць», – сказаў ён.

Святар таксама адзначыў, што ў Расеі замужніх жанчын на мільёны больш за жанатых мужчын. Паводле яго, прычына гэтага ў тым, што мужчыны, якія жывуць грамадзянскім шлюбам, не лічаць сваіх сужыцелек за жонак.

«Гэта проста часовая пацеха. Бо калі б ён ставіўся да яе як да жонкі – ну што, цяжка зарэгістравацца, ці што? Ды не, ніякай цяжкасці», – лічыць протаіерэй.

РПЦ: Гэта не абраза жанчын

Каментуючы выказванне Дзмітрыя Смірнова, кіраўнік сінадальнага Аддзелу па ўзаемаадносінах Царквы з грамадствам і СМІ Вахтанг Кіпшыдзэ заявіў, што выказванне святара «ва ўласцівай яму вобразнай манеры» мела на мэце не абразіць жанчын, а прыцягнуць увагу да безадказнасці мужчынаў.

«Пастырскі досвед святара паказвае, што мужчыны ў такіх выпадках адмаўляюцца браць сямейныя абавязкі і часта беспадстаўна пакідаюць грамадзянскіх жонак, наносячы ім псіхалагічную траўму», – сказаў Кіпшыдзэ.

Паводле яго, Смірноў хацеў адзначыць, што «статус грамадзянскай жонкі прыніжае годнасць жанчыны, робіць яе ўразлівай перад амаральным і безадказным мужчынам», а «шчасце ў стасунках мужчыны і жанчыны дасягальнае толькі на пачатках любові і ўзаемнай адказнасці, якую замацоўвае ў тым ліку і шлюб, які рэгіструецца дзяржавай». У РПЦ дадалі, што выказванне Дзімітрыя Смірнова «не варта разумець літаральна».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў