Джэфры Фрэнкс і Дзяніс Казакевіч
Беларус перадаў петыцыю дырэктару еўрапейскага офісу Міжнароднага валютнага фонду Джэфры Фрэнксу, пасля яе накіруюць на разгляд у Вашынгтон.
Беларус Дзяніс Казакевіч стварыў на платформе change.org петыцыю з заклікам да МВФ аб спыненні перамоваў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.
Сёння ў Бруселі Дзяніс Казакевіч перадаў тэкст петыцыю дырэктару еўрапейскага офісу МВФ Джэфры Фрэнксу.
«Я меў кароткую размову са спадаром Фрэнксам, пасля якой я настроены пазітыўна», – распавёў belsat.eu Дзяніс Казакевіч.
Яшчэ раней ён прадставіў даклад па немэтавым выкарыстанні дзяржсродкаў у Беларусі кіраўніку місіі МВФ у нашай краіне Пітэру Долмэну.
Казакевіч мяркуе, што даваць цяпер крэдыт Беларусі ў $ 3,5 млрд не апраўдана як эканамічна, так і палітычна, ведаючы, што хутка адбудуцца буйныя сумесныя вучэнні з Расеяй «Захад-2017». На думку неабыякавага беларуса, даваць грошы «дыктатару, які цынічна парушае правы чалавека», няправільна.
У тэксце заявы апісваецца рэакцыя ўладаў на сёлетнія народныя пратэсты:
«Дыктатар адказаў дзясяткамі (колькасць пастаянна расце) неправамерных арыштаў і судоў са шматлікімі парушэннямі суднавых працэдур. Дзясяткі законапаслухмяных грамадзянаў затрыманыя. У той жа самы час Міжнародны валютны фонд працягвае перамовы з Лукашэнка па вылучэнні новага крэдыту».
Пад зваротам падпісаліся больш за 3300 асобаў.
Глядзіце таксама:
НМ, belsat.eu