У Курапатах знеслі крыжы ўздоўж кальцавой, каб пасадзіць там дрэвы


13 красавіка 2019 года. Рабочыя саджаюць дрэвы на месцы знесеных крыжоў уздоўж сталічнай кальцавой аўтадарогі. Фота – «Белсат»

13 красавіка ў Курапатах рабочыя знеслі металічныя крыжы ўздоўж менскай кальцавой. Гэта адбылося адразу пасля суботніка, які ўва ўрочышчы раніцай правялі чальцы БРСМ, «Белай Русі», Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і ветэранскіх арганізацыяў.

На месцы знесеных крыжоў рабочыя саджаюць дрэвы.

13 красавіка 2019 года. Рабочыя саджаюць дрэвы на месцы знесеных крыжоў уздоўж сталічнай кальцавой аўтадарогі. Фота – «Белсат»
13 красавіка 2019 года. Рабочыя працуюць у Курапатах. Фота – «Белсат»
13 красавіка 2019 года. Рабочыя усталёўваюць металічную арку на ўваходзе ўва ўрочышча Курапаты. Фота – «Белсат»
Фота – «Белсат»
Падчас працаў у Курапатах 13 красавіка 2019 года. Фота – «Белсат»

А 8-й раніцы, як паведаміў «Белсату» актывіст Алесь Чахольскі, у Курапатах пачалі з’яўляцца міліцыянты і спецтэхніка.

«Трэба б было збіраць людзей і ісці на плошчу, але нашыя высілкі не вялікія. Таму ў аўторак а 16.00 на Грамадзе адбудзецца круглы стол з удзелам мастакоў, гісторыкаў і культуролагаў. Адправім ліст у генпракуратуру і следчы камітэт. Будзем яднацца вакол малітвы за Курапаты. Плануем абмеркаваць з аргкамітэтам правядзенне Чарнобыльскага Шляху ў Курапатах», – распавяла «Белсату» Ганна Шапуцька.

Ганна Шапуцька. Фота – «Белсат»

«Крыніца, вартая даверу паведаміла, што сёння будуць зносіць крыжы. Чатыры актывісты прыехалі а 7.30 і крыжоў ужо не было. Прыехалі чатыры буса міліцыі, «Белая Русь», БРСМ, «Чырвоны крыж» і карэспандэнты БТ і АНТ. Дзяўчына з БРСМ распавяла Дзянісу Урбановічу, што быў інструктаж, каб не размаўлялі з незалежнымі СМІ і беларускамоўнымі. Хуценька навялі парадак у цэнтральнай частцы, зняліся на камеры дзяржаўных СМІ і з’ехалі«, – распавёў Дзяніс Урбановіч.

Дзяніс Урбановіч. Фота – «Белсат»
Пасля таго, як дрэвы пасадзілі, іх палівалі вадой са спецыяльнай машыны. Фота – «Белсат»

Пазней стала вядома, што ўлады ладзяць тут суботнік. Ува акцыі па ўборцы і добраўпарадкаванні Курапатаў узялі ўдзел больш за 100 чалавек, заявіў БелТА першы сакратар Менскага абласнога камітэту БРСМ Кірыл Шык.

«Нашая задача – прыбраць смецце і галінкі, пачысціць і добраўпарадкаваць тэрыторыю пасля зімы, – распавёў Шык. – Падобныя акцыі БРСМ праходзяць паўсюдна: мы добраўпарадкоўваем і» Курган Славы «, і» Хатынь «, і рэгіянальныя брацкія магілы – усё тэрыторыі, дзе патрэбна валанцёрская дапамога».

Фота – «Белсат»
Фота – «Белсат»
Увечары зноў пачалася традыцыйная курапацкай варта. Фота – «Белсат»
Фота – «Белсат»

Адначасова з гэтым у Курапаты адправіліся шэсць сябраў «Маладога фронту» на чале са старшынём арганізацыі Дзянісам Урбановічам.

«Апошнім часам, калі яны ладзілі суботнікі, заўсёды нешта здаралася. То знічы пазнікаюць, то адзін крыж памылкова спілавалі. Таму мы стаялі і назіралі за імі, каб чагосьці не здарылася.Мы назіралі за імі, а кіраўніцтва УУС Менгарвыканкаму – за намі», – распавёў старшыня Маладога фронту Дзяніс Урбановіч.

Паводле актывіста, абаронцы Курапатаў пыталіся ўва ўдзельнікаў суботніку, ці яны ведаюць, што гэта за месца.

«Яны сказалі, што чулі павярхоўна, і прызналіся, што іх праінструктавалі ні з кім не размаўляць з незалежных СМІ або з апазіцыі. Ім сказалі, што пазнаць нас можна, бо мы размаўляем па-беларуску. Быў момант, што міліцыянты былі далёка ад нас, і мы змаглі паразмаўляць з двума хлопчыкамі. Яны сказалі, што ведаюць пра крыжы, што ім сорамна, але на пытанне, чаму ходзяць у форме БРСМ, тыя адказалі, што вучацца ў каледжы: ім сказалі прыехаць – яны едуць», – распавядае Урбановіч.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў