У Горадні а сёмай ранку зачыталі Трэцюю Устаўную грамату БНР


Вулічнае свята арганізатары адмянілі праз сітуацыю з каронавірусам.

Гарадзенцы ўрачыста зачыталі Устаўную грамату БНР і праспявалі «Пагоню». Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

Арганізатары БНР-102 урачыста зачыталі гістарычны дакумент ды праспявалі «Пагоню» Максіма Багдановіча. Паводле гісторыкаў, Трэцяя Устаўная грамата, якая абвяшчала незалежнасць Беларусі, акурат была ўхваленая і зачытаная на золку 25 сакавіка 1918 году.

Гарадзенцы ўрачыста зачыталі Устаўную грамату БНР і праспявалі «Пагоню». Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

Такім чынам актывісты з розных партыяў і арганізацыяў нагадалі пра гістарычную пераемнасць, а таксама заявілі, што ўся іхная дзейнасць скіраваная на дасягненне мэтаў, якія ставілі сабе айцы-заснавальнікі БНР.

Першапачаткова планавалася, што Дзень Волі пройдзе ў Горадні ў фармаце вулічнага свята, як і ў мінулым годзе. Сітуацыя з каронавірусам усё змяніла:

«Усе баяцца – гэта натуральны стан. З гэтай прычыны масавая акцыя да Дня Волі ў гэтым годзе была адмененая арганізатарамі. Разам з тым, мы выконваем усе санітарныя нормы. Прыйшоўшы сюды, напрыклад, усе адразу дэзынфекавалі рукі», – адзначыў кіраўнік БНФ па Гарадзеншчыне Вадзім Саранчукоў.

На працягу дня ў Горадні таксама запланаваны шэраг актыўнасцяў: ад адкрыцця выставы, прысвечанай святкаванню 25 сакавіка ў розныя гады, да ўскладання кветак на могілках.

АК, фота Васіль Малчанаў

Стужка навінаў