У Берасці ГУБАЗіК затрымаў 16-гадовага падлетка: яго вінавацяць у «масавых закалотах»


Аператыўнікі ГУБАЗіК МУС на гэтым тыдні затрымалі яшчэ двух удзельнікаў пратэстаў 9-10 жніўня: іх вінавацяць у «масавых закалотах» (арт. 293 КК). Адному з затрыманых 16 гадоў.

16-гадовага навучэнца 11-класа адной з берасцейскіх сярэдніх школаў вінавацяць у тым, што ён «кінуў у бок міліцыянтаў бутэльку». На відэа, якое апублікавала міліцыя, сапраўды бачна як хлопец кідае бутэльку падчас пратэстаў, але яна не далятае да шэрагаў сілавікоў – падае мінімум у 3-4 метрах ад іх.

Затрыманага падлетка працаўнікі ГУБАЗіК прымусілі каяцца на камеру. У прэс-рэлізе УУС Берасцейскага аблвыканкаму адзначаецца, што хлопец нібыта зʼяўляецца «удзельнікам нефармальнага моладзевага руху, які прапагандуе ідэі неанацызму», хаця ў яго вонкавым выглядзе нічога не ўказвае на датычнасць да праварадыкальнай субкультуры.

Таксама ў межах крымінальнай справы аб «масавых закалотах» затрыманы 37-гадовы азербайджанец, які мае від на жыхарства ў Беларусі. Яго вінавацяць у тым, што ён кідаў камяні ў міліцыю.

Нагадаем, што гэта ўжо не першы выпадак, калі за ўдзел у пратэстах пад крымінальны пераслед трапляюць няпоўнагадовыя. 16-гадовага Мікіту Залатарова з Гомля затрымалі і змясцілі ў СІЗА яшчэ 11 жніўня – яго абвінавачваюць у злосным хуліганстве (ч. 3 арт. 339). А зусім нядаўна, за акцыю пратэсту ў Серабранцы, былі затрыманыя двое 17-гадовых хлопцаў.

Hавiны
«Апошняя апора ўладаў». Як ГУБАЗіК пераўтварыўся ў адзін з галоўных органаў палітычнага пераследу
2020.10.09 09:50

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў