Музей у Наваградку запрасіў Доналда Трампа


Прэзідэнту ЗША Доналду Трампу перададуць запрашэнне ад Наваградскага гісторыка-краязнаўчага музею пабываць у Беларусі. Пра гэта паведамілі ў эфіры аднаго з дзяржаўных тэлеканалаў.

З музею ўжо даслалі запрашэнне з віншаваннямі Доналду Трампу. Цяпер у Наваградку чакаюць на візіт амерыканскага прэзідэнта і ягонай сям’і.

«Гэта ж не першая наша перапіска з Чарльзам (Чарльз Кушнер – сват Трампа), і адказ я атрымала літаральна за лічаныя секунды: “так, я перадам усім членам нашай сямʼі”. У Чарльза вельмі цёплае стаўленне да Наваградка. Бо гэта вельмі тыпова для габрэяў – менавіта так ставіцца да гісторыі сваёй сямʼі, да сваіх каранёў», – распавяла стваральніца Музею габрэйскага супраціву ў Наваградку Тамара Вяршыцкая.

«Іванка і Джарэд (дачка Трампа і яе муж) збіраліся тут пабываць, а Чарльз Кушнер абяцаў перадаць запрашэнне прэзідэнту ЗША асабіста», – паведаміла  Вяршыцкая.

Дакументы, знойдзеныя ў архівах Беларусі, пацвярджаюць беларускія карані зяця прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

У экспазіцыі Наваградскага музею прадстаўленая гісторыя і культура Навагрудчыны ад узнікнення горада да сярэдзіны ХХ ст. Зборы налічваюць каля 22 тыс. прадметаў музейнага значэння, у тым ліку 14 калекцыяў.

Асобна прадстаўленая экспазіцыя габрэйскага супраціву ў часы Другой сусветнай вайны. З верасня 1941 г. да вызвалення 8 ліпеня 1944 г. Навагрудак быў цэнтрам гэбітскамісарыята ў складзе Генеральнага камісарыята Беларусь.

Дзейнасць акупацыйнага рэжыма прадстаўлена ў раздзелах «Прымусовая праца ва ўмовах нацысцкай акупацыі», «Гісторыя і знішчэнне навагрудскай яўрэйскай абшчыны». Раздзелы «Супраціўленне», «Навагрудчане — удзельнікі баёў за Варшаву, Берлін і вайны з Японіяй», «Вызваленне Навагрудка» завяршаюць экспазіцыю.

ВД, паводле belta.by

Стужка навінаў