Святлана Ціханоўская з'ехала ў Літву. Яе вывезлі беларускія ўлады


Кандыдат на прэзідэнта Беларусі Святлана Ціханоўская на волі і цяпер знаходзіцца ў Літве, паведаміў у Twitter кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус.

Ціханоўская прыбыла ў Літву пасля таго, як яе прыкладна сем гадзін утрымлівалі ў Беларусі ўлады, патлумачыў Лінкявічус.

Прадстаўніца штабу Вольга Кавалькова ў каментары TUT.by распавяла, што з краіны Ціханоўскую вывезлі беларускія ўлады. Гэта дапамагло вызваліць кіраўніцу ейнага штабу Марыю Мароз.

«У Святланы не было выбару. Важна, што яна на волі і жывая. Яны з’ехалі разам з Марыяй Мароз. Аднак у закладніках працягвае знаходзіцца частка каманды Святланы», – распавяла Кавалькова.

Святлана ЦІханоўская.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Яна падкрэсліла, што цяпер у абʼяднанага штабу дзве задачы: абараніць выбар і спыніць кроў.

«Цяпер сітуацыя крытычная, і як бы нам не было цяжка, нам трэба адмовіцца ад гвалту. Мы мусім абараняць нашую перамогу легальнымі і негвалтоўнымі метадамі. Мы заклікаем усе дэмакратычныя сілы і прыхільнікаў пераменаў абʼяднацца, сёння мы будзем праводзіць экстраныя кансультацыі і дамаўляцца пра супольныя дзеянняі», – зазначыла Кавалькова.

Кавалькова кажа, што Святлана перамагла на выбарах, мы ўсе перамаглі, мы зрабілі немагчымае. Там, дзе камісіі палічылі галасы сумленна, Ціханоўская набрала ад 60% да 70%, у Новай Баравой – 90%, гэтаму ёсць дакументальныя пацверджанні – копіі пратаколаў.

«Ейны выезд з краіны не адмяняе нашай перамогі і паразы ўлады, беларусы ніколі не прымуць Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам, у ягоную перамогу людзі не вераць. Улады павінны гэта прызнаць і пачаць дыялог, калі няма дыялогу, то ў людзей ёсць адзіны выбары – гэта пратэсты», – заявіла Кавалькова.

Увечары 10 жніўня адвакат Святланы Ціханоўскай Максім Знак паведаміў пра ейнае знікненне пасля візіту ў ЦВК Беларусі. Інфармацыя пра месцазнаходжанне цягам вечара змянялася некалькі разоў. Бліжэй да ночы Ціханоўская выйшла на сувязь, але ейнае месцазнаходжанне не раскрывалі.

Hавiны
Ціханоўская патрабуе мірнай перадачы ўлады
2020.08.11 10:14

Як заяўляла прэс-сакратар Ганна Красуліна, пасля візіту ў ЦВК Ціханоўская заявіла, што «прыняла рашэнне», пасля чаго з’ехала.

Паводле афіцыйных звестак ЦВК Святлана Ціханоўская атрымала на выбарах крыху больш за 10% галасоў. Аляксандр Лукашэнка, які балатаваўся на шосты тэрмін, атрымаў, паводле падлікаў выбарчых камісій, больш за 80% галасоў. Ціханоўская абвясціла сябе пераможцам і прапанавала Лукашэнку правесці перамовы. Яна таксама абскардзіла вынікі галасавання ў ЦВК.

10 жніўня Лукашэнка назваў Святлану Ціханоўскую «авечкай», а дзень выбараў святам і заявіў, што ў ноч пасля выбараў аб’яднаны штаб Ціханоўскай узялі пад ахову, каб пазбегнуць «сакральнай ахвяры». Паводле КДБ, яны прадухілілі замах на кандыдатку на прэзідэнта.

belsat.eu

Стужка навінаў