Пра сям'ю, веру і палітыку. Святлана Ціханоўская дала эксклюзіўнае інтэрв’ю «Белсату»


Святлана Ціханоўская дала эксклюзіўнае інтэрв’ю «Белсату» у Вільні, куды яе вывезлі на загад дзейных уладаў пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Неспадзявана зрабілася палітычнаю асобаю і атрымала падтрыманне вялікай колькасці беларусаў, якія падпісваліся за яе вылучэнне ў кандыдаты. Неспадзявана, паводле сумленных пратаколаў шэрагу выбарчых камісіяў – стала пераможцаю на выбарах прэзідэнта Беларусі. Неспадзявана, для сябе самой, пакінула краіну. «Белсату» удалося паразмаўляць са Святланаю Ціханоўскай у Вільні. Гэта першае пасля выезду інтэрв’ю Святланы, у якім адказы на пытанні нашых гледачоў. Размаўляў Аляксей Дзікавіцкі.

Распавядзіце пра сваю сям’ю, пра Мікашэвічы, дзе вы раслі. Гэта праўда, што вашая бабуля вельмі шмат размаўляла з вамі па-беларуску ў дзяцінстве?

Так, гэта праўда. Я нарадзілася ў Мікашэвічах, берасцейскай вобласці. Кожнае лета мы праводзілі ў бабулі ў вёсцы. Яна размаўляла не на чыстай беларускай мове, але на трасянцы. Але мы з дзяцінства чулі гэтую мову і маглі на ёй свабодна размаўляць. Гэта не было для нас гэтак цяжка, як зараз для нашых дзяцей. Я магу размаўляць па-беларуску, хоць мне крыху цяжкавата. У мяне звычайная сям’я, звычайныя працоўныя бацькі. У нас вельмі цесная сувязь з мамай, з татаю і з сястрой. Паміж чальцамі нашай сям’і ёсць любоў. Мы заўсёды падтрымліваем адно аднаго.

Зараз вы ў кантакце?

Так, мы зараз у кантакце.

Эксклюзіўнае інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай для «Белсату». Вільня, 21 жніўня.
Фота: Belsat.eu

Як адбылася вашая сустрэча з дзецьмі, калі вы ўжо прыехалі ў Літву?

Гэта была вельмі цёплая сустрэча, яны вельмі сумавалі па маці. Гэта было вельмі кранальна для мяне. Майму старэйшаму сыну 10 гадоў, якія я з ім была дзень у дзень. Канешне, такая разлука для мяне была ненатуральнаю. Маё сэрца раздзірала цягам усяго часу, які давялося быць без іх. Я зараз вельмі шчаслівая, што я тут з імі.

Ніколі не было такога, каб вы так доўга не бачыліся з дзецьмі?

Ніколі.

Наш глядач з Кобрыну пытаецца, ці вы веруючая асоба.

Я праваслаўная верніца. Вера для кожнага, відаць, значыць нешта сваё. Я рэдка бываю ў царкве, але мяркую – калі чалавек не ходзіць у царкву, гэта не азначае, што ён не веруючы. Вера глыбока ўва мне. Зноў жа, вяртаючыся да маёй бабулі, яна была пеўчаю ў царкве і мы ў дзяцінстве кожную нядзелю туды хадзілі. Мы навучыліся, як сябе там паводзіць і што рабіць. Часам для душы хочацца схадзіць

Ці дапамагае вам вера?

Можна так сказаць, але, відаць, не ў такой ступені, як глыбока веруючыя людзі прызвычаіліся пра гэта думаць.

Эксклюзіўнае інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай для «Белсату».
Фота: Belsat.eu

Наступнае пытанне не простае, але калі можаце, то адкажыце. Пытанне ад нашага гледача з Віцебску: «Што адбылося ў кабінеце Лідзіі Ярмошынай, пасля чаго вы вырашылі выехаць за мяжу?»

Прабачце, канешне, але нават зараз я не магу адказаць на гэтае пытанне. Я не гатовая пра гэта гаварыць.

Пытанне ад глядачкі з Пінску. Мы 10 дзён хадзілі са сцягам, шылі сцягі, рызыкавалі, а ўлада не змянілася. Калі далей Лукашэнка застанецца пры ўладзе і задушыць пратэсты, што нам рабіць?

Толькі нашае адзінства зараз, нашая вера ў тое, што мы ўсё можам змяніць, павінная намі кіраваць. Мы не можам узяць і апусціць рукі зараз, таму што рызыкуюць усе і ўсім страшна. Але мы павінны ведаць, што мы пераможам. Што толькі разам мы зможам дамагчыся самапавагі, дамагчыся павагі з боку ўладаў, дамагчыся таго, што нашае права на выбар прызнаюць і мы правядзем новыя сумленныя і празрыстыя выбары, дзе абярэм сабе новага прэзідэнта.

Аляксей Дзікавіцкі размаўляе са Святланай Ціханоўскай у Вільні. 21 жніўня.
Фота: Belsat.eu

Чарговае пытанне ад нашых гледачоў з Баранавічаў: «Святлана, мы ўсім сэрцам за вас, галасавалі за вас. Скажыце, што вы наш прэзідэнт. Ці вы абвесціце сябе законна абраным прэзідэнтам?»

Ведаеце, зараз я разумею, што шмат для каго менавіта гэты момант прынцыповы, але на самой справе зараз важна толькі тое, што ў нас скралі права выбару. Гэта відавочна ўсім і кожнаму, што гэтыя выбары праходзілі са шматлікімі парушэннямі. І гэтыя выбары былі сфальсіфікаваныя. І зараз немагчыма даведацца пра адсоткавыя суадносіны і гэта ўжо не важна. Важна тое, што ў нас скралі гэтае права на сумленныя выбары. І толькі новыя сумленныя, празрыстыя выбары могуць аднавіць справядлівасць. Але гэтыя выбары павінныя ўжо быць не з гэтым складам ЦВК, да якога ў людзей няма даверу. На гэтыя выбары павінныя быць дапушчаныя ўсе назіральнікі, не толькі беларускія, але і замежныя. І толькі тады мы зможам зразумець, хто на гэтых выбарах перамог.

Наколькі я ведаю, вы ўвесь час кантактуеце з лідарамі краінаў Еўрапейскага звязу. Скажыце, што яны вам кажуць?

Лідары ўсіх краінаў, з якімі мне ўдалося пагутарыць, падтрымліваюць беларускі народ, падтрымліваюць ягонае імкненне абараняць свае правы на голас, на мірныя дэманстрацыі, на сумленныя выбары. Яны бачаць у гэтым подзвіг беларускага народу, што беларускіх народ прачнуўся і нарэшце гатовы ўстаць на абарону сваіх правоў, якія павінныя мець ад нараджэння, паводле Канстытуцыі.

Яны пытаюцца ў вас, ці варта ўводзіць ім санкцыі супраць Беларусі, ці не?

Не пытаюцца.

А вы супраць санкцыяў?

Я не магу вырашаць за іншых. Якія захады кіраўнікі робяць – гэта іхная пазіцыя, мы нікога абсалютна не просім пра нешта такое. Мы адно дзякуем усім за падтрыманне, за тое, што яны цалкам разумеюць усю складанасць сітуацыі і крызіс, у якім цяпер апынулася Беларусь. За менавіта маральнае падтрыманне беларускага народу.

Эксклюзіўнае інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай для «Белсату».
Фота: Belsat.eu

Пытанне з Салігорску. Мы рабочыя прадпрыемства «Беларуськалій». Калі каго-небудзь пачнуць звальняць, ці маеце як нам дапамагчы?

Па-першае, я хачу сказаць дзякуй усім рабочым, усім людзям, якія вырашылі такім чынам праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю, якія не спалохаліся і выйшлі на забастоўкі, таму што гэта легальны спосаб абароны сваіх правоў. І як вы ведаеце, ужо створана шмат ініцыятываў дапамогі страйкоўцам і ёсць працэдура давання гэтай дапамогі. Цяпер, вядома, усё гэта толькі на пачатку свайго шляху, але я ўпэўненая, што гэтыя ініцыятывы акажуць дапамогу кожнаму, хто сутыкнецца з пазбаўленнямі і любой несправядлівасцю падчас гэтых забастовак.

Пытанне з Горадні. Мы бачым мора бела-чырвона-белых сцягоў на акцыях пратэсту. Ці азначае гэта, што народ сам ужо зрабіў выбар? Якая павінная быць сімволіка новай Беларусі?

Гэта добра, што ў нас народ вырашае. Так і павінна быць. Але на самай справе гэта пытанне не першага шэрагу. Што датычыць сімволікі, народ сам вырашыць у будучыні, але ўжо пасля таго, як будуць праведзеныя новыя выбары, калі ажыццявіцца права людзей свабодна выбіраць сабе прэзідэнта.

Выглядае на тое, што народ ужо вырашыў, людзі выходзяць менавіта з гэтымі сімваламі, шыюць іх.

Значыць народ так вырашыў. Гэта ягонае права.

З Полацку пытанне. Святлана Георгіеўна, скажыце, ці часта вам робіцца страшна? І што дапамагае вам пераадолець страх?

Страшна… гэтаксама часта, як страшна кожнаму чалавеку, які цяпер знаходзіцца ў Беларусі. Мне асабіста дапамагае толькі тое, што я бачу аб’яднанасць беларусаў, іх імкненне да абароны сваіх правоў. Гэтае імкненне людзей да свабоднай Беларусі – адзінае, што мне цяпер дапамагае. Я ўпэўненая, што і кожнаму беларусу цяпер дапамагае менавіта гэтае адчуванне адзінства. Адчуванне таго, што адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Чалавечая падтрымка адзін аднаго – менавіта яна цяпер важная.

Ваш муж цяпер знаходзіцца ў турме. Мы ўсе вельмі перажываем за яго. Быць можа, гэта не зусім этычна задаваць такія пытанні. Але тое, што масава пісалі пра падтрыманне ім так званага «Руского мира» – гэта праўда ці не?

Я бачыла гэтыя відэа і я не ведаю, калі яны былі знятыя. Я б не хацела іх каментаваць. І я ўпэўненая, што пры магчымасці вы яму задасце самі пытанне пра гэта.

Эксклюзіўнае інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай для «Белсату».
Фота: Belsat.eu

Пытанне з Менску. На якіх умовах вы гатовая вярнуцца ў Беларусь, на радзіму?

Калі буду адчуваць, што я і мае дзеці ў бяспецы.

Гэта магчыма пры цяперашняй уладзе па-вашаму?

Не.

Атрымліваецца так, што вы вярнуліся б тады, калі б ва ўладзе не было чалавека, які зараз кіруе краінай?

Так. І гэта вялікі стымул да таго, каб мы атрымалі гэтую перамогу.

Магчыма, гэтае інтэрв’ю пабачыць на «Белсаце» нехта, хто зможа перадаць ягоны змест вашаму мужу. Што вы маглі яму зараз сказаць?

Я ведаю, што ён вельмі за нас пераймаецца, але я хацела б яму сказаць, што я люблю яго, думаю пра яго кожны дзень. Каб ён у нас верыў, каб ён верыў у беларускіх людзей.

Скажыце, у вас не было раней такога досведу, прамоў перад вялікай колькасцю людзей, але вы прамаўляеце вельмі добра і спакойна, не зрываецеся. Як так у вас атрымліваецца?

Я наагул спакойны чалавек па сваёй натуры. Кожны раз усё роўна перажываю перад кожным інтэрв’ю ці прэс-канферэнцыяй, гэта ўсё вельмі для мяне цяжка. Але бяру сябе ў рукі, іду і раблю. Чаго зрывацца, там жа такія ж людзі як і я.

Скажыце, калі гэта не зусім прыватнае пытанне, пра якое вы не хацелі б расказваць. Як вы пазнаёміліся з Сяргеем? Як вы закахаліся?

Мы пазнаёміліся з ім у клубе, дзе ён быў кіраўніком. Я прыйшла патанчыць, так і пазнаёміліся.

Колькі гэта гадоў таму было?

Будзе 16 гадоў у кастрычніку, як мы ажаніліся. Пазнаёміліся – ужо 17 гадоў таму.

Вам моцна яго не хапае?

Вельмі.

Колькі вы ўжо не бачыліся?

Тры месяцы.

Святлана Георгіеўна, як вы думаеце, адкуль столькі зверства ў гэтых так званых праваахоўнікаў, якія білі людзей? Гэта ж нашыя беларусы таксама.

Я калі ўбачыла гэтыя фатаграфіі, была настолькі шакаваная, што наагул вельмі доўга не магла супакоіцца, узяць сябе ў рукі. Таму што я не магла паверыць і да гэтага часу не веру, што гэта рабіў беларускі АМАП. Таму што, мне здаецца, нават АМАП у Беларусі добры. І што яны не здольныя на такое зверства. Я, вядома, не магу сцвярджаць, але я не хачу ў гэта верыць. Бо нашыя беларусы, яны такія ж як і мы людзі. У іх у кожнага ёсць сямʼя, ёсць родныя. Для мяне гэта… (паўза) вось не хочацца мне верыць, што там за гэтымі маскамі хаваюцца беларусы, не хочацца.

Шмат зараз кажуць пра тое, што гэтых людзей трэба будзе судзіць за тое, што яны зрабілі. Як вы думаеце, гэта правільна? Ці яны, проста можна сказаць, выконвалі загад.

Калі дакладна стане вядома, што той ці іншы чалавек гэта рабіў, то, вядома, ён здзейсніў злачынства. Мы прасілі не выконваць злачынных загадаў. Але яны гэты загад выконвалі. Але я не ведаю, ці гэта асабістая адказнасць кожнага сілавіка, які гэта рабіў. Я не ведаю, як з імі трэба паступіць. Думаю, што гэта павінен усё ж такі вырашаць справядлівы суд. Але дараваць такое, вядома, нельга. Кожны з іх наагул павінен спытаць у сябе, ці можа ён сам сабе дараваць такія зверствы. Тое, што рабілі са звычайнымі людзьмі, тое, як іх збівалі – гэта не пра палітыку. Гэта садызм.

Скажыце, калі ласка, каго вы бачылі б пасярэднікам у размовах з Александрам Лукашенкам, калі такія размовы адбыліся б? Гэта нейкая краіна, нейкі чалавек, нейкая арганізацыя?

Лічу, што гэтае пытанне павінна вырашацца ўнутры краіны, без умяшання звонку. Менавіта таму быў створаны каардынацыйны савет, які мы прапануем у ролі пасярэдніка ў перамовах з уладай дзеля развязання таго крызісу, які цяпер наспеў у краіне і для правядзення мірных перамоваў, каб мы прыйшлі разам да арганізацыі новых сумленных і празрыстых выбараў.

А вы будзеце балатавацца ў гэтых новых выбарах? Ці будзе ваш муж? Які, натуральна, павінен быць вызвалены.

Вядома, вызваленне палітвязняў, гэта адно з патрабаванняў ўсіх страйкоўцаў, гэта адно з патрабаванняў ўсяго беларускага народа. Я не планую сама (смяецца).

Хапае ўжо палітыкаў?

Так. Больш чым.

Зараз я папрашу вас паглядзець у камеру і сказаць некалькі словаў беларусам. Тым мільёнам, якія за вас галасавалі.

Я б хацела сказаць не толькі тым беларусам, якія галасавалі за мяне, але і тым, хто галасаваў за іншых кандыдатаў. У кожнага ёсць сваё меркаванне, але ўсе павінныя разумець, што гэтыя выбары былі несумленнымі, непразрыстымі і яны былі сфальсіфікаваныя. Гэта значыць, што скралі нашае права выбару. І мы павінныя гэтае права сабе вярнуць. І вельмі хочацца, каб крызіс, які цяпер наспеў у краіне, хутчэй скончыўся. Але ён скончыцца толькі тады, калі ў нас будзе наладжаны дыялог паміж уладай і народам. Але на гэта можа паўплываць толькі сам народ. Беларусы маюць выстаяць, забастоўкі маюць пашырацца. Толькі ў гэтым выпадку ўлада пачуе людзей і пойдзе на гэты дыялог. Тады мы створым аптымальныя ўмовы дзеля правядзення новых сумленных і празрыстых выбараў і абярэм сябе годнага прэзідэнта нашай краіны для бяспечнай і светлай будучыні.

belsat.eu

Стужка навінаў