Суддзя вырашыла, што штраф для журналістаў не паўплывае на іхны матэрыяльны стан


Наваполацкі суд разгледзеў заяўку аб адтэрмінаванні выплаты штрафу і ў выніку адмовіў.

Сёння, 11 ліпеня журналістка Алена Шабуня атрымала пастанову з суда, дзе разглядалася ейная скарга. Нагадаем, у чэрвені журналістка разам з аператарам атрымалі па суду штраф у 1275 рублёў на дваіх за працу на тэлеканал «Белсат». Нагодаю для справы быў відэасюжэт пра аварыю на «Паліміры», якая здарылася ў 2016 годзе. Сам сюжэт выйшаў сёлета, 22 сакавіка, у праграме «Кожны з нас». Пасля прысуду журналістка і аператар падалі заяву аб адтэрміноўкі выплаты штрафу.І вось, 11 ліпеня Алена Шабуня атрымала на рукі пастанову: у адтэрміноўцы адмовіць.

Журналісты папрасілі адтэрміноўку для выплаты штрафаў на шэсць месяцаў у сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам: аператар Вячаслаў Лазараў зараз не мае працы, а Алена Шабуня з’яўляецца інвалідам трэцяй групы (атрымлівае пенсію 201 рубель), мае на ўтрыманні непаўнагадовага сына.

Іх заявы разглядала суддзя Зінаіда Балаболава. Сваё рашэнне суддзя патлумачыла гэтак:

«…хадайніцтвы задавальненню не падлягаюць, паколькі Лазаравым В.Д. і Шабуня А.А. не прадстаўлены доказы, якія пацвярджаюць змену іх матэрыяльнага становішча праз шэсць месяцаў, іх працаўладкаванне альбо наступ якіх-небудзь абставінаў, якія паспрыяюць выкананню пастановы аб накладанні спагнання ў выглядзе штрафу».

– Лічу, што такім чынам суддзя літаральна патрабуе доказ і гарантыю, што цягам шасці месяцаў са мной і з Лазаравым нічога кепскага не здарыцца, што мы застанемся ў жывых пры любых абставінах, не памром ад няшчаснага выпадку ці нечаканага захворвання, – кажа Алена Шабуня.

Пры тым, тлумачыць Алена, суддзя Балаболава перад разглядам іх звароту аб адтэрміноўцы выплаты штрафу, патрабавала ад журналісткі толькі даведку аб складзе сям’і і аб даходах, што і было прадстаўлена ў суд. Ніякіх доказаў «застацца ў жывых» не патрабавалася.

Андрэй Швілпо і іншыя работнікі «Паліміра» былі сведкамі ў судзе над журналістамі. Мужчынаў абурыла, што рэпарцёраў судзяць і штрафуюць за паказаную праўду.

Журналісты звярнуліся ў камітэт ААН па правах чалавека, іх скаргі чакаюць свайго разгляду.

Крысціна Авакумава Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары