Стала вядомая новая магчымая дата абмену зняволенымі паміж Расеяй і Украінай


Працэс абмену палоннымі можа быць запушчаны да канца гэтага тыдня, паведамляе агенцтва «Интерфакс» са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы. Верагодная дата – 7 верасня.

Адна з крыніцаў пацвердзіла, што абмен запланаваны на суботу, адзначыў, што дамоўленасці носяць папярэдні характар.

«Пакуль дасягнуты толькі рамачныя дамоўленасці. Канчаткова дату і ўмовы абмену бакі ўзгодняць у сярэдзіне тыдня», – сказаў суразмоўца агенцтва.

Між тым у Крамлі афіцыйна гэтую інфармацыю не каментуюць. «Тэма адчувальная. Анонсу тут быць не можа», – сказаў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў. Пры гэтым ён паабяцаў, што «факт стане вядомым».

21 жніўня, як паведамляў УНІАН, у маскоўскім СІЗА «Лефортава» пацвердзілі, што да іх перавялі ўкраінскіх палітвязняў Уладзіміра Балуха, Станіслава Клыха, Мікалая Карпюка, Аляксандра Кольчанку і Паўла Грыба. 29 жніўня з’явілася інфармацыя, што туды ж этапавалі Алега Сянцова. Акрамя таго, паступала інфармацыя, што павінны абмяняць украінскага журналіста Рамана Сушчанку і 24 захопленых маракоў.

Першапачаткова паведамлялася, што абмен прызначаны на 30 жніўня – чаканні не спраўдзіліся. Пазней адвакат расейцаў, зняволеных ва Украіне Уладзімір Рыбін заявіў, што абмену можна чакаць з верасня, аднак гэтага не адбылося. Прычына затрымкі афіцыйна не агучвалася ні Кіевам, ні Масквой.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары