Стала вядома, калі Беларусь плануе далучыцца да СГА


Урад Беларусі лічыць магчымым завяршыць працэс далучэння краіны да Сусветнай гандлёвай арганізацыі да 2020 года. Пра гэта было заяўлена падчас Кастрычніцкага эканамічнага форума ў Менску.

Дырэктарка дэпартаменту аб далучэнні новых краінаў Сакратарыяту СГА Майка Ашыкава заявіла, што такія ўступныя тэрміны былі агучаныя прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам.

«Здаецца, упершыню ад ураду Беларусі мы пачулі канкрэтныя арыенціры. Гэта дастаткова моцны сігнал чальцам Сусветнай гандлёвай арганізацыі, што Беларусь ставіцца да гэтага сурʼёзна. Я думаю, што гэта амбіцыйная, але рэалістычная мэта», – падкрэсліла Ашыкава.

Гэтыя ацэнкі пацвердзіў першы намеснік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Еўдачэнка.

Намеснік кіраўніка МЗС Андрэй Еўдачэнка. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

«Не ведаю, ці выратуем мы Сусветную гандлёвую арганізацыю сваім далучэннем, але мы стаім на гэтым шляху. За два апошнія гады мы прайшлі больш, чым за папярэднія 23. У нас засталіся перамовы з сямю самымі цяжкімі краінамі. Мы спадзяёмся, што да першага кварталу 2019 года мы завершым перамовы з усімі апроч ЗША», – распавёў ён.

Майка Ашікава. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Майка Ашыкава ў сваю чаргу адзначыла:

«Беларусь знаходзіцца ўжо 25 гадоў у працэсе далучэння да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Звычайна такі шлях для краінаў займае трохі больш за 10 гадоў. То бок гэта займае ў Беларусі трохі больш часу, чым хацелася. Мяркую, нарэшце надышоў час завершыць гэты працэс».

Яна дадала: за апошнія 2-3 гады Беларусь дасягнула значнага прагрэсу ў гэтым накірунку.

У цэнтры – намеснік кіраўніка МЗС Андрэй Еўдачэнка. Другая злева – кіраўніца дэпартаменту СГА Майка Ашыкава

Беларусь – апошняя краіна Еўропы, якая спрабуе ўступіць у СГА. Перамовы аб уступленні пачаліся яшчэ ў 1993 годзе, у 2015 годзе яны актывізаваліся. Між тым Аляксандр Лукашэнка неаднаразова выказваў сумненні аб неабходнасці далучэння Беларусі да СГА. «Некаторыя мае калегі ў вузкім коле, калі мы абмяркоўваем гэтае пытанне, кажуць, што СГА фактычна сябе вычарпала», – адзначыў, у прыватнасці, Лукашэнка 29 сакавіка 2016 года.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў