Сілавікі могуць распачаць крымінальную справу за акцыю пратэсту на вуліцы Раманаўская Слабада


Міліцыя праводзіць праверку ў межах крымінальна-працэсуальнага заканадаўства па факце акцыі пратэсту, што адбылася ўвечары 3 студзеня на вуліцы Раманаўская Слабада.

Нагадаем, учора каля двух дзясяткаў чалавек правялі акцыю на вуліцы Раманаўская Слабада. Пратэстоўцы з бел-чырвона-белымі сцягамі часова перакрылі дарожны рух.

«Праваахоўнікі робяць захады для высвятлення ўсіх асобаў, якія маюць дачыненне да наўмыснага блакавання транспартных камунікацыяў, а таксама падлічваюць шкоду, прычыненую незаконнымі дзеяннямі», – адзначаюць у ГУУС Менгарвыканаму.

У ГУУС папярэджваюць, што наўмыснае блакаванне транспартных камунікацыяў цягне як адміністратыўную (арт. 18.1 КаАП прадугледжвае штраф памерам ад 6 да 10 б.в.), так і крымінальную адказнасць (арт. 310 КК у выпадку асабліва буйное шкоды або смерці чалавека прадугледжвае пакаранне ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі).

«У далейшым матэрыял праверкі будзе перададзены ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь для дачы прававой ацэнкі», – дадаюць у менскай міліцыі.

Адзначым, што выхад на праезджую частку сілавікі часта кваліфікуюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў