Стрыманы і адносна лаканічны – усяго паўтарагадзінны – атрымаўся сённяшні зварот Аляксандра Лукашэнкі да народу і парламенту. Лідар Беларусі ізноў папярэдзіў, што 2016 год стане ці не найцяжэйшым у гісторыі беларускай эканомікі, распавёў пра неабходнасць карыстацца найноўшымі тэхналогіямі ды чарговы раз запэўніў і Захад і Расею ў сваім сяброўстве.
12:29 «Пытанне быць або ня быць з Расеяй мы вырашылі на рэферэндуме. Кропка! Нашыя каласальныя інтарэсы знаходзяцца ў Расеі, але і высокатэхналагічны Захад нам неабыякавы. Мы шмат гадоў праводзім шматвектарную палітыку. Што тут не па-чалавечы? Давайце жыць дружна», – рэзюмаваў Лукашэнка. Зварот да народу і парламенту ён чытаў 1,5 гадзіны.
12:13 «Я не хаваю, што некаторыя дэпутаты ўжо просяць у мяне падтрымання на новы тэрмін. Гэта нармальна. І вы гэтага не саромцеся!».
12:12 «Вы мае людзі і мае дзеці. Я вас падтрымаю. Хутка тут зʼявяцца новыя твары і яны не павінны быць нейкімі кішэннымі ды губернатарскімі людзьмі», – прыгадвае Аляксандр Лукашэнка пра будучыя парламенцкія выбары.
Глядзіце таксама >>> «Гавары праўду» ідзе на выбары
11:50 «Трэба нарадзіць новага настаўніка, як гэта было ў нашыя часы. Бо настаўнікі не цікавяцца жыццём вучняў. Новая задача – стварэнне новых падручнікаў. І новая сістэма адукацыі павінна навучыць з маленства адрозніваць дабро і зло», – марыць Аляксандр Лукашэнка.
11:33 «Кажуць, кагосьці арыштавалі. Хутка прыйдуць іншых арыштоўваць. Канечне, прыйдуць! Калі не будзеце плаціць падаткі. Можаш спаць, а можаш не спаць, але аддай дзяржаве тое, што мусіш і маліце Бога, што вы жывяце не ў ЗША», – ўзгадвае Лукашэнка нядаўнія арышты беларускіх бізнесменаў.
Глядзіце таксама >>> Экс-кіраўнік банку «Еўрапейскі»: «Для Лукашэнкі ўсе прадпрымальнікі – махляры, якія часова на свабодзе»
11:27 «Мазгі, навука, інавацыя – гэта галоўнае сёння, а не тое, што Гасподзь у зямлю паклаў», — звяртаецца Лукашэнка да айчынных навукоўцаў.
11:16 Трэба кожны год ствараць 50 тысяч працоўных месцаў і працаваць з інвестарамі, чытае з паперкі кіраўнік Беларусі.
Чытаце таксама >>> Беспрацоўе павялічваецца: вакансія ёсць толькі на кожнага другога
Наўпроставую трансляцыю з Авальнай залы пакажуць на тэлеканале «Беларусь 1». Аматары голасу кіраўніка Беларусі могуць уключыць гэтак званую «брахучку» (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё).
Традыцыйна з пасланнем Лукашэнка выступае ў красавіку, толькі ў 2006 і 2012 гадах мерапрыемства адбывалася ў траўні.
Летась ягоны выступ доўжыўся 2 гадзіны 40 хвілінаў. За гэты час ён распавёў пра галоўныя падзеі года, выказаўся з нагоды інфляцыі і цэн, працы чыноўнікаў, пра дэкрэт №3, будаўніцтве жылля. Распавёў, якія фільмы любіць паглядзець па тэлевізары і што ў нас не так з культурай, параіў беларусам быць смялейшымі, ісці насустрач праблемах і вучыцца ў старэйшага брата.
ЮВ, ДР, belsat.eu