Развітанне з Аляксандрам Тарайкоўскім. ОНЛАЙН


У Менску 15 жніўня пройдзе развітанне з Аляксандрам Тарайкоўскім, загінулым падчас мірных пратэстаў каля метро «Пушкінская». Тарайкоўскі – першы загінулы падчас пратэстаў у Беларусі, смерць якога ўлады пацвердзілі афіцыйна.

Трагедыя адбылася 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага. Паводле афіцыйнай версіі, якую распаўсюдзіла прэс-служба МУС, мужчына нібыта хацеў кінуць у сілавікоў самаробную выбухоўку, ад якой і загінуў. Пазней дзяржаўныя медыі паведамілі, што загінулы меў крымінальнае мінулае.

Аляксандр Тарайкоўскі.
Фота: www.bbc.com/russian

Праз некалькі дзён радыё «Свабода» высветліла, што імя загінулага – Аляксандр Тарайкоўскі, яму 34 гады. Ён сапраўды сядзеў у турме – мужчыну пакаралі 7 гадамі пазбаўлення волі за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі за сабою смерць чалавека. Паводле сваякоў, у яго адбыўся канфлікт з сужыцелем маці, які яе збіваў. Тарайкоўскі цалкам адбыў свой тэрмін, а пасля турмы займаўся дробным бізнесам (быў індывідуальным прадпрымальнікам), меў сям’ю. Жонка Аляксандра цалкам выключае, што ён мог мець пры сабе зброю і тым больш зрабіць выбухоўку.

Развітанне з Аляксандрам Тарайкоўскім, 15 жніўня.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu
На станцыі метро Пушкінская. Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Відавочцы смерці Аляксандра зняпраўджваюць афіцыйную версію МУС. Адзін з удзельнікаў тых падзеяў распавёў TUT.by, што не бачыў выбухоўкі ў руках мужчыны. Нібыта ён сапраўды замахнуўся, каб нешта кінуць у бок сілавікоў, але нічога гэтак і не кінуў, выбуху не адбылося. Іншы відавочца заявіў Бі-Бі-Сі, што Аляксандр загінуў ад стрэлу.

На станцыі метро Пушкінская. Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

У сацсеткі таксама трапіла відэа, на якім, імаверна, зафіксаваны момант гібелі Тарайкоўскага. Прааналізаваўшы відэаролік, даследчая група Conflict Intelligence Team (CIT) прыйшла да высновы, што Аляксандра маглі забіць байцы спецназу КДБ «Альфа» або спецназа МУС «Алмаз». На кадрах відаць, што сілавікі, якія стаялі на скрыжаванні, страляюць у бок людзей са зброі (імаверна, гэта драбавік Benelli M4), і адзін з дэманстрантаў хістаецца, падае і ляжыць пасля гэтага нерухома.

«У любым выпадку, гэтае відэа сведчыць супраць версіі МУС Беларусі аб самападрыве, паколькі ніякай успышкі ад выбуху ў руцэ пратэстоўца не відаць, тады як успышку стрэлу аднаго са спецназаўцаў у шарэнзе, наадварот, відаць вельмі добра», – падкрэсліваюць у CIT.

На Пушкінскай гарэў фаер.
Фота: Belast.eu

TUT.by са спасылкай на медыкаў паведамляе, што прычынаю смерці Аляксандра стала масіўная страта крыві праз адкрытую рану грудзей. У Тарайкоўскага засталіся жонка і трохгадовая дачка.

11 жніўня Следчы камітэт заявіў, што паводле факту смерці чалавека на вуліцы Прытыцкага праводзіцца праверка, але пра распачынанне крымінальнай справы пакуль не паведамлялася.

Менск. Станцыя метро «Пушкінская». 10 жніўня.
Фота: Вадзім Заміроўскі / TUT.BY

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў