Расейскія медыі байкатуюць Дзяржаўную думу


Дзяржаўная дума РФ.
Фота: guu.ru

Тэлеканал RTVi, «Дождь», радыёстанцыя «Эхо Москвы» і медыяхолдынг РБК адклікалі сваіх журналістаў з расейскага парламенту пасля скандальнага рашэння думскай камісіі па этыцы ў справе дэпутата Слуцкага.

Газета «Коммерсант» на знак салідарнасці з калегамі адмовілася ад узаемадзеяння з Леанідам Слуцкім. А выданне «Лента.ру» паабяцала выдаліць усе матэрыялы, звязаныя з дэпутатам.

21 сакавіка камісія Дзярждумы РФ палічыла, што ў дзеяннях дэпутата Леаніда Слуцкага няма «нарушения поведенческих норм».

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Расеі дэпутата ЛДПР Леаніда Слуцкага абвінавацілі ў сексуальных дамаганнях. Журналістка «Русской службы Би-би-си» Фарыда Рустамава заявіла, што Слуцкі «правёў далонню па [яе] лабку». Падобныя абвінавачанні высунулі намеснік рэдактара тэлеканалу RTVi Кацярына Катрыкадзэ і прадусарка тэлеканалу «Дождь» Дар’я Жук.

Паводле прадстаўніка думскага камітэту па інфармацыйнай палітыцы і інфармацыйным тэхналогіям Леаніда Левіна, рашэнне некаторых расейскіх медыяў адмовіцца ад працы ў Думе супярэчыць галоўнай задачы СМІ – «інфармаванне грамадства», прыводзіць словы дэпутата meduza.io.

ЮВ, belsat.eu, паводле meduza.io

Стужка навінаў