33 грамадзяніна Расеі, затрыманыя 29 ліпеня, знаходзяцца ў «не самай лепшай маральна-псіхалагічнай форме», заявіў консул амбасады РФ у Беларусі Кірыл Плятнеў, пішуць «РИА Новости».
«Мы, вядома, пастараліся падбадзёрыць расейцаў, але, павінен шчыра сказаць, што нашы суайчыннікі знаходзяцца ў не самай лепшай маральна-псіхалагічнай форме. Яны не разумеюць, чаму ім інкрымінуюць сувязь з апазіцыйнымі лідарамі Беларусі, прозвішчы якіх большасць з іх ніколі не чулі», – сказаў консул.
Ён таксама адзначыў, што кожны з затрыманых з поўнай упэўненасцю заявіў расейскім дыпламатам, што мэтай уезду ў Беларусь быў менавіта транзіт. Канчатковай мэтай была адна з дзяржаў у Лацінскай Амерыцы.
***
Нагадаем, беларускія сілавікі затрымалі ў ноч на 29 ліпеня 33 грамадзяніна Расеі, байцоў ПВК «Вагнэра». Паводле СК, яны падазраюцца ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» і праходзяць па адной справе з Сяргеем Ціханоўскім і Мікалаем Статкевічам – абодва не першы месяц знаходзяцца ў СІЗА.
У Крамлі версію беларускага боку назвалі «адыёзнай трактоўкай» і запатрабавалі вызвалення расейцаў.
1 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што затрыманыя «вінаватыя, але не настолькі, каб у дачыненні да іх ужываць жорсткія меры». Дакладна невядома, дзе менавіта цяпер утрымліваюцца баевікі. Паведамлялася, што гэта адна з пенітэнцыярных установаў пад Менскам.
КА belsat.eu