Пуцін пра інцыдэнт у Керчанскай пратоцы: «Гэта правакацыя Украіны»


Кіраўнік Расеі ўпэўнены, што захоп расейскімі памежнікамі трох украінскіх вайсковых караблёў – правакацыя Пятра Парашэнкі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

Пра гэта ён заявіў на пленарнай сесіі інвестфоруму «Расея кліча!».

Пуцін назваў інцыдэнт у Керчанскай пратоцы «неахайнай гульнёй унутры Украіны ў інтарэсах уціску палітычных апанентаў». Выбары ва Украіне пройдуць у сакавіку 2019 года. Паводле апытанняў Парашэнка ў прэзідэнцкай гонцы пакуль ідзе на трэцім месцы.

На думку Пуціна, украінскі лідар хоча абвастрыць сітуацыю ў краіне і стварыць «непераадольныя перашкоды» для сваіх канкурэнтаў.

Кіраўнік Крамля таксама заявіў, што кіеўскія ўлады «з поспехам прадаюць антырасейскія настроі», таму што прадаваць ім больш няма чаго.

«І ўсё сыходзіць ім з рук. Калі яны папросяць немаўлятаў на сняданак, ім і немаўлят, здаецца, пададуць», – сказаў Пуцін.

***

25 лістапада тры ўкраінскія караблі з ужываннем зброі захапіў расейскі спецназ у раёне Керчанскай пратоцы. Агулам Расея ўзяла ў палон 24 чалавекі, 6 маракоў параненыя. У адказ Парашэнка абвясціў ваеннае становішча ў некалькіх абласцях тэрмінам на адзін месяц.

Канфлікт у Керчанскай пратоцы: што гэта было? 5 галоўных пытанняў і адказаў

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары