Праверка, якая ўключае комплекс з 16 спецыяльных вучэнняў, праводзіцца напярэдадні маштабных вучэнняў «Усход-2018».
Пра гэта паведаміў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу.
Яна праходзіць з 20 да 25 жніўня ў воінскіх частках Цэнтральнай і Усходняй вайсковых акруг, паветрана-дэсантных войсках, далёкай і вайскова-транспартавай авіяцыі.
У вучэннях «Усход-2018», якія адбудуцца ў верасні, прымуць удзел войскі Манголіі ды Кітаю:
«Будуць задзейнічаныя органы кіравання і падраздзяленні Народна-вызваленчай арміі Кітаю ды Узброеныя сілы Манголіі. Гэта найбуйнейшае з часу манеўраў «Захад-81» мерапрыемства для падрыхтоўкі ўзброеных сілаў, якое набыло статус міжнародных вучэнняў, мае беспрэцэдэнтныя маштабы як у прасторавым размаху, гэтак і ў колькасці задзейнічаных органаў вайсковага кіравання, арміяў і сілаў», – адзначыў Шайгу.
ДР belsat.eu