Пераслед не спыняецца: у Берасці незалежныя журналісты атрымалі новыя буйныя штрафы


Больш за тысячу долараў штрафу чарговы раз атрымалі берасцейскія журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава за супрацу з «Белсатам».

Суддзя Маскоўскага раёну Берасця Раіса Лабачэўская пакарала журналістаў 21 сакавіка 50 базавымі велічынямі штрафу кожнага. Гэта максімальная санкцыя па артыкуле 22.9 КаАП РБ (незаконны выраб прадукцыі СМІ).

Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву адпусцілі пасля складання пратаколаў

 

Журналістаў у чарговы раз абвінавацілі ў парушэнні заканадаўства аб СМІ. Нагодай гэтым разам зноў стала акцыя пратэсту супраць акумулятарнага заводу.

У судовым паседжанні Ляўчук і Харытонава ўдзелу не бралі.

– Калі раней міліцыя збірала доказы, шукала сведкаў, то зараз на такія «дробязі» яны не звяртаюць ніякай увагі. У справе няма часу калі мы былі плошчы, няма прозвішчаў людзей у якіх мы бралі інтэрв’ю, няма сведак, але і гэтага дастаткова для штрафу ў 2550 рублёў, – абураецца Алесь Ляўчук.

Трэцяга сакавіка журналісты ішлі на працу, але былі затрыманыя, і правялі больш за 2 гадзіны ў апорным пункце міліцыі, пасля гэтага былі складзеныя пратаколы за тое, што журналісты асвятлялі акцыю пратэсту 17 лютага, суд па іх адбыўся 21 сакавіка.

– На дзеянні міліцыі я напісаў скаргі ў следчы камітэт і пракуратуру, і ўжо пачаў атрымліваць ад іх адпіскі. Напрыклад, пракуратура адправіла разглядаць маю скаргу ў той ж РАУС, супрацоўнікі якога мяне затрымлівалі. Я вельмі сумняюся, што там прызнаюць свае памылкі, – кажа «Белсату» Ляўчук.

Пры гэтым журналіст адзначае, што ціск на яго і яго сямʼю з боку ўладаў не спыняецца ўжо больш за паўгода.

– Гэта пачалося са жніўня мінулага году, і вось ужо больш за паўгода ўлады рознымі метадамі ціснуць на нас. Нам замінаюць не толькі нармальна працаваць, але проста не даюць спакойна жыць. Я думаю, іх мэта зрабіць так, каб мы не супрацоўнічалі з «Белсатам», ці яшчэ лепш – з’ехалі за мяжу, – лічыць Алесь Ляўчук.

ХВ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары