Пазычаем, каб аддаваць. Як Беларусь патрапіла ў фінансавую піраміду


Беларусь здольная самастойна пагашаць толькі чвэрць дзярждоўгу. На рэшту трэба ізноў пазычаць грошы і выплочваць адсоткі.

Як толькі надыходзіць час плаціць па рахунках, беларускія ўлады шукаюць дапамогі на баку. Афіцыйны Менск ізноў звяртаецца да Расеі па крэдыт у 700 млн долараў, каб рэфінансаваць вонкавую пазыку.

Колькі мусіць выплаціць Беларусь сёлета?

Вонкавы дзяржаўны доўг Беларусі па стане на 1 траўня 2017 года склаў 13,9 млрд долараў ЗША, унутраны дзярждоўг – 9,9 млрд рублёў.

Сталася традыцыяй, што Менск рэфінансуе вонкавыя пазыкі за кошт вонкавых крэдытаў, і пераважна – расейскіх. Сёлета Беларусь мусіць аддаць мільярд долараў вонкавага доўгу, у студзені 2018 года давядзецца пагашаць еўрааблігацыі ў памеры 800 млн долараў. Гэткія лічбы прыводзіць беларускае Міністэрства фінансаў.

Кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў мае іншыя падлікі: паводле яго, у 2017 годзе Беларусь мусіць аддаць 3,5-4 мільярды долараў. «Думаю, урад трохі «схімічыў» пры падліках, у выніку сума доўгу аказалася мільярд долараў. Сумарна сёлета трэба аддаць 3,5-4 мільярды долараў. Апрача таго, ёсць і ўнутраны доўг, з якім трэба разлічвацца: сёлета ўрад ужо ўзяў у насельніцтва па валютных аблігацыях 300 мільёнаў долараў; спачатку давалі аблігацыі на паўгода, пасля на год, цяпер на два – і ў выніку патрапілі ў фінансавую піраміду. Летась узялі мільярд, і сёлета возьмуць з мільярд, але 900 мільёнаў трэба вярнуць людзям за мінулыя гады», – падкрэслівае эксперт.

Расея зноў дапаможа разлічыцца з даўгамі?

Цяпер Менск просіць крэдыт у 700 млн долараў. Чацвёрты і пяты траншы крэдыту ЕФСР будуць выдзяляцца на старых умовах – сумарна яшчэ 600 млн долараў Беларусь можа атрымаць яшчэ сёлета. Аднак ці такая бясхмарная сітуацыя?

Старшы аналітык Альпары Вадзім Іосуб не згодны з такой катэгарычнасцю. «Атрымаем ці не атрымаем наступныя два траншы – пытанне не такое адназначнае. Усё залежыць ад развіцця палітычных стасункаў з Расеяй. А па-другое, існуе чыста фармальны эканамічны крытэр па праграме ЕФСР – рэформы беларускага дзяржсектара, які фармальна ніяк не выконваецца. Таму я б не стаў так катэгарычна гаварыць пра два траншы ЕФСР як пра вырашанае пытанне».

Былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч кажа, што Беларусь завінавацілася Расеі як нікому іншаму:

«Асноўныя беларускія пазыкі – перад Расеяй і ЕФСР, затым ідуць – Кітай, ЕБРР, МВФ. Дапускаю, што надыйшоў час пагашаць даўгі перад Расеяй, дзеля гэтага Менск і просіць новы крэдыт у Расеі ж. Пагашэнне крэдытаў за свой кошт прывяло б да змяшэння дзяржрэсурсаў, якія і так невялікія: трэба трохмесячны запас імпарту, ці каля 10 мільярдаў долараў, а мы маем толькі 5 мільярдаў. Мы маглі б пагасіць 700 мільёнаў перад Расеяй і за кошт унутраных рэзерваў, але, відаць, урад лічыць за лепшае атрымаць новы крэдыт, каб сплаціць старыя», – кажа былы кіраўнік Нацбанку.

Што адбываецца са вонкавым дзярждоўгам у дынаміцы? Афіцыйны Менск набірае новыя даўгі, каб плаціць па старых.

З 1 ліпеня 2016 года па канец года вонкавы дзяржаўны доўг вырас з 13,1 да 13,6 мільярда долараў. Першыя чатыры месяцы 2017 года вонкавы дзяржаўны доўг вагаўся каля адзнакі 13,6 мільярда долараў (плюс-мінус 50 мільёнаў долараў), а за красавік вырас да 13,9 мільярдаў долараў за кошт апошняга транша ЕФСР.

Дзярждоўг і ўсім «па пяцьсот»: адно другому не перашкаджае

– Узровень дзяржоўгу не мае наўпроставай сувязі з заробкамі. Дзярждоўг у Вялікай Брытаніі, Японіі ў параўнанні з ВУП у разы большы, чым у Беларусі, вале гэта не перашкаджае мець у разы большы заробак. Значэнне мае не велічыня доўгу, а магчымасць самастойна доўг абслугоўваць, – адзначае старшы аналітык Альпары.

А вось наконт самастойнай выплату доўгу пры ўзнікненні праблем з крэдытаваннем Беларусь не справіцца, лічыць эксперт:

– Магчымасці беларускай эканомікі дазваляюць самастойна пагашаць толькі чвэрць даўгоў, а адсутнасць магчымасцяў рэфінансавання цягам некалькіх гадоў магла б прывесці да поўнага вычарпання золатавалютных рэзерваў і ў выніку – да абясцэньвання нацыянальнай валюты і зніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва.

Юрый Дубіна, belsat.eu

Стужка навінаў