Паўлу Севярынцу прысудзілі 10 содняў за «інтэрв'ю на беларускай мове»


Паўла Севярынца, сустаршыню аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» арыштавалі напярэдадні сходу ў Курапатах, які меўся адбыцца 9 верасня. Палітыка абвінавацілі ў закліке на несанкцыянаваную акцыю.

Паводле журналісткі Таццяны Уласенка, суддзя Крапачоў выдаліў з судовай залы жонку Паўла Вольгу з пяцімесячным немаўляці на руках.

«Ягоны аргумент: працэс можа траўмаваць псіхіку дзіцяці. Які цынізм!», – напісала журналістка, якая прысутнічала на паседжанні.

Паводле Таццяны, міліцыянты сведчылі, што Павел «даваў інтэрв’ю журналістам на беларускай мове».

Паўла Севярынца затрымалі на пад’ездзе да Курапатаў 5 верасня. Разам з ім быў затрыманы і Дзмітрый Казакевіч. Пасля пяці гадзін утрымання ў Бараўлянскім РАУС палітыка змясцілі ў ізалятар на Скарыны.

Далейшы лёс абароны Курапатаў і пратэсту супраць «Поедем, поедим» маюць вызначыць 9 верасня, але, відаць, без Паўла Севярынца. Менавітаў у гэты дзень ён заклікаў неабыякавых прыйсці на мірны сход ва ўрочышча.

Абарона Курапатаў сёлета трывае з пачатку чэрвеня. Ужо тры месяцы актывісты стаяць ля брамы рэстарану «Поедем, поедим» і патрабуюць яго ліквідаваць, бо літаральна ў 50 метрах ад забаўляльнай установы знаходзіцца месца сталінскіх расстрэлаў.

Суды неаднаразова каралі абаронцаў Курапатаў штрафамі і арыштамі – усяго было заведзена больш 140 адміністратыўных справаў. На актывістаў некалькі разоў наязджалі аўты нібыта наведнікаў рэстарану, узнікалі бойкі з ахоўнікамі. Ніводнага з атакуючых актывістаў не пакаралі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў