Вялікая Брытанія ўводзіць свае санкцыі супраць беларускіх уладаў


У сувязі з выхадам з Еўразвязу Вялікая Брытанія ўводзіць свае санкцыі ў дачыненні да ўладаў Беларусі, паведамляецца на сайце ўрада краіны.

Паводле брытанскага ўраду, санкцыі абумоўленыя тым, што раней ЕЗ уводзіў у дачыненні да Беларусі шэраг абмежавальных захадаў. Вялікая Брытанія, як і раней ЕЗ, патрабуе ад беларускіх уладаў:

  • паважаць дэмакратычныя прынцыпы і інстытуты, а таксама падзел уладаў і вяршэнства закона ў Беларусі;
  • устрымлівацца ад дзеянняў, якія душаць грамадзянскую супольнасць у Беларусі;
  • належным чынам расследаваць і распачаць крымінальную справу ў дачыненні да асоб, адказных за знікненні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага;
  • выконваць міжнароднае права ў дачыненні да правоў чалавека і паважаць правы чалавека.

Пасля прыпынення вялікага пакету санкцый ЕЗ супраць Беларусі ў 2016 годзе, на сённяшні дзень працягвае дзейнічаць эмбарга на гандаль узбраеннем і персанальныя санкцыі ў дачыненні да чатырох асобаў, якіх міжнародная супольнасць падазрае ў выкраданні і забойстве апанентаў Лукашэнкі – экс-міністраў унутраных спраў Уладзіміра Навумава і Юрыя Сівакова, экс-кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Віктара Шэймана і былога камандзіра СОБРу Дзмітрыя Паўлічэнкі. Ім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕЗ.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары