Памёр заснавальнік БелаПАН Алесь Ліпай


Алесь Ліпай. Фота - facebook.com

У Менску раптоўна памёр Алесь Ліпай – заснавальнік і кіраўнік БелаПАН, адзінага незалежнага агенцтва ў Беларусі. Яму было 52 гады.

Галоўны рэдактар Ірына Леўшына пацвердзіла гэтую інфармацыю belsat.eu. Яна адзначыла, што ў рэдакцыі даведаліся пра смерць Ліпая літаральна 20 хвілін таму і пакуль не ведаюць ніякіх дэталяў.

Прычына смерці не паведамляецца. Паводле БелаПАН, пахаванне пройдзе 26 жніўня ў Рудзенску.

Алесь Ліпай нарадзіўся ў 1966 годзе ў в. Андросаўшчына Копыльскага раёну. У 1988 годзе, падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, пераследаваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насценгазеты «Лірнік». Напрыканцы 1980-х гадоў – удзельнік Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». У 1988 стаў першым карэспандэнтам «Радыё Свабода» ў Беларусі.

Працаваў карэспандэнтам, а потым рэдактарам аддзелу навінаў у газеце «Знамя юности». У кастрычніку 1991 стварыў незалежнае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, якое з цягам часу перарасло ў інфармацыйную кампанію.

Сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Першую кнігу паэзіі «Пад снегам» выдаў у 2000 годзе. У 2007 г. выйшаў зборнік паэзіі «Рэшта».

Сёлета ў чэрвені ў дачыненні да кіраўніка БелаПАН была распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад выплаты падаткаў). Працаўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю цягам 7 гадзінаў праводзілі ператрус у кватэры Алеся Ліпая. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці параўноўвалі справу Алеся Ліпая з пераследам лідараў беларускага незалежнага прафсаюзнага руху і справаю праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары