Палітвязень Дзмітрый Паліенка выйшаў на волю. СТРЫМ

ВІДЭА



Вязень сумлення, грамадскі актывіст Дзмітрый Паліенка быў вызвалены з папраўчай калоніі № 2 г. Бабруйску раніцай 24 кастрычніка. Сябры палітвязня і журналісты збіраюцца сустракаць яго на вакзале ў Менску.

Дзмітрый Паліенка распавёў журналістам, што ў калоніі трапляў у штрафны ізалятар, адміністрацыя аказвала на яго псіхалагічны ціск, прымушала насіць на адзенні жоўтую бірку (яна мусіць сведчыць пра схільнасця вязня да «дэструктыўнай дзейнасці». Аднойчы ў якасці правакацыі яго памясцілі ў камеры з былым байцом добраахвотніцкага батальёну «Азоў» Стасам Ганчаровым, якога асудзілі за распальванне нацыянальнай варожасці і хуліганства.. Паводле Паліенкі, адміністрацыя разлічвала справакаваць асабісты канфлікт паміж вязнямі, бо актывіст з’яўляецца антыфашыстам па перакананнях, а Ганчароў падзяляе неанацысцкія погляды. «Але канфлікту не было, бо мы ведалі для чаго гэта робіць адміністрацыя», – распавёў ён.

Паліенка таксама заявіў журналістам, што будзе працягваць грамадскую дзейнасць.

«Мы будзем працягваць барацьбу», – адзначыў ён.

Нагадаем, у кастрычніку 2016-га Паліенку асудзілі на 2 гады зняволення з адтэрміноўкаю за нібыта напад на міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які прайшоў у Менску. Акрамя таго актывісту інкрымінавалі здзяйсненне злачынства паводле ч. 2 арт. 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару).

Летась Паліенку зноў арыштавалі: 7 красавіка 2017 года суд скасаваў адтэрміноўку і адправіў актывіста адбываць рэшту тэрміну ў Бабруйскую калонію.

У калоніі Паліенку рэгулярна змяшчалі ў штрафны ізалятар, адміністрацыя таксама ціснулі на яго псіхалагічна.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Паліенку вязнем сумлення.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары