Вінаваты толькі кіроўца? Следчыя высвятляюць абставіны гібелі 13-гадовай дзяўчынкі


Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце гібелі 13-гадовай школьніцы.

Трагедыя адбылася 29 верасня побач з вёскай Селівонаўка, што ў Маладзечанскім раёне.

Школьнікі прыбіралі бульбу з палёў. У нейкі момант цяжкавік збіў 13-гадовую дзяўчынку, якая працавала. Траўмы аказаліся настолькі сурʼёзнымі, што васьмікласніца памерла па дарозе ў шпіталь.

Pole

Поле, на якім здарылася трагедыя

Працаўніца ПМК-187 Марыя Антонаўна разам з калегамі таксама ўдзельнічала ў выкопванні бульбы. Жанчына ўзгадала, як усё адбылося:

«Школьнікі былі за цяжкавіком, далекавата, недзе за пяць шэрагаў. Машыну загрузілі бульбай, але яна праехаць не магла наперад – мы акурат на градках былі. Я чула, як машына пасігналіла, пачала здаваць назад».

Пасля жанчына пачула крык школьнікаў, якія паклікалі дзяўчынку: «Віка!».

«Я пасля пытаюся, чаму ж яна не адклікнулася. Дзеці сказалі, што ў яе былі праблемы са слыхам. А так усё вельмі хутка адбылося. Наш кіроўца, з ПМК, крыкнуў: «Тут жанчыну пераехалі!». Я выклікала хуткую. Пакуль тэлефанавала, бегла да яе», – распавяла Марыя Антонаўна.

Іншы працаўнік ПМК таксама ўзгадаў, як развіваліся падзеі:

«Дзяўчынка ішла, так без увагі. Я ўжо зразумеў, што яна пад машыну пойдзе, але я быў далёка, 54 метры, сёння замяралі адлегласць. Яна ішла адна, нікога побач не было. І чаму яе адну туды адпусцілі – я не разумею. Я ў шоку, ведаеце».

Пасля трагічнага інцыдэнту кіроўцу праверылі на наяўнасць алкаголю ў арганізме.

Па факце здарэння распачатая крымінальная паводле часткі 2 артыкулу 317 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

НМ, belsat.eu, паводле БелТА, Tut.by, фотаздымак УСК па Менскай вобласці

Стужка навінаў