Новы генпракурор абяцае знайсці і пакараць кожнага пратэстоўца


Новы Генпракурор Андрэй Швед.
Фота: Vladimir Nikolsky / Reuters / Forum

Ніводны арганізатар і ўдзельнік несанкцыянаваных акцый не сыдзе ад адказнасці. Пра гэта 24 верасня заявіў генеральны пракурор Андрэй Швед.

Паводле яго, сітуацыя з грамадскім парадку ў Менску і іншых населеных пунктах «кантралюемая» і «з кожным днём яна паляпшаецца».

«Усе вінаватыя будуць пакараныя рана ці позна», – сказаў Швед, паведамляе БелТА.

Hавiны
Больш за 250 чалавек затрыманыя. Вечар пасля інаўгурацыі. ФОТА
2020.09.24 11:35

Ён падкрэсліў, што «ніводны блогер, ніводная асоба, якая ўчыніла злачынства не толькі на несанкцыянаваных мерапрыемствах, але і ў інтэрнэце, не сыдзе ад адказнасці». Генпракурор паабяцаў у бліжэйшыя некалькі месяцаў правесці адкрыты судовы разгляд шэрагу крымінальных спраў, якія маюць даказаць, што «праваахоўныя органы толькі будуць нарошчваць свае намаганні па спыненні і выяўленні падобнага роду злачынстваў і правапарушэнняў».

Андрэй Швед таксама заявіў, што Генеральная пракуратура выступае за ўзмацненне адказнасці бацькоў за ўдзел дзяцей у акцыях пратэсту. Ён адзначыў, што «праваахоўныя органы аператыўна выяўляюць гэтых асоб, перадаюць у органы апекі і папячыцельства, пракурорам звесткі пра іх». Сёння, паводле яго, даручана «больш актыўна выяўляць такіх асобаў».

Размова
Што можа запаволіць рэвалюцыю?
2020.09.23 22:20

Таксама плануецца ўнесці змены ў заканадаўства, «каб зрабіць больш жорсткай адказнасць бацькоў, якія залучаюць дзяцей у акцыі пратэсту».

Швед таксама выступіў за мэтанакіраваную працу па забеспячэнні няўхільнасці пакарання арганізатараў і актыўных удзельнікаў пратэставых акцый, кампенсацыі нанесенай усімі вінаватымі матэрыяльнай шкоды.

«З сённяшняга дня вызначана дакладны алгарытм узаемадзеяння для ўстанаўлення сум нанесенай падчас незаконных масавых мерапрыемстваў шкоды і парадак яго спагнання. Падыход адзін: прыйшоў на несанкцыянаваную акцыю – будзеш пакараны рублём. І сумы гэтыя вельмі істотныя», – адзначыў ён.

Апроч таго, Швед запатрабаваў узмацніць прафілактычную і ідэалагічную працу ў маладзёжным асяроддзі, асабліва ва ўстановах адукацыі.

Андрэй Швед займае пасаду генеральнага пракурора толькі два тыдні – з 9 верасня. Дагэтуль ён узначальваў Дзяржаўны камітэт судовых экспертызаў. У 2011 годзе ён кіраваў следчай групай, якая расследавала выбух у менскім метро, і ініцыяваў крымінальную справу супраць Алеся Бяляцкага. Пэўны час быў у санкцыйным спісе Еўразвязу.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў