Аляксея Беластоцкага, 31-гадовага ўролага з 4-ай менскай клінічнай лякарні, арыштавалі, калі ён дапамагаў прыбіраць соль з надпісу памяці забітага Аляксандра Тарайкоўскага. Лекара білі ў мікрааўтобусе і ў РУУСе. З Акрэсціна яго забралі на хуткай у цяжкім стане са шматлікімі траўмамі.
Усё здарылася 2 верасня, распавядае Belsat.eu Аляксей Беластоцкі, уролаг менскай клінічнай лякарні. У той вечар, каля 19:00, ён ехаў да свайго бацькі. У раёне станцыі метро «Пушкінская» убачыў натоўп людзей і вырашыў даведацца, ці не патрэбная там некаму медычная дапамога. Аляксей прыпаркаваў аўтамабіль і пайшоў да людзей. Прыводзім аповед доктара пра тое, што адбывалася далей:
«Я пабачыў, што людзі прыбіраюць рэагент з мемарыяльнага надпісу ў памяць аб забітым Аляксандры Тарайкоўскім. На шчасце, медычная дапамога нікому не была патрэбная, але я вырашыў далучыцца да прыборкі солі. І раптам пачуў, як супрацоўнік міліцыі спрабуе разагнаць людзей, запужвае іх артыкулам за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, патрабуе дакументы. Я запытаўся, хто ён такі і адкуль, папрасіў і яго прад’явіць дакументы. Прадстаўляцца ён не жадаў, але сказаў, што адвязе мяне ў РУУС.
Потым падышоў яшчэ нейкі чалавек у цывільным і запатрабаваў разыходзіцца, бо нібыта там вядуцца рамонтныя працы. Мы пыталіся – дзе агароджа, дзе хоць нешта, што ўказвае на рамонт? Гэты чалавек падышоў бліжэй і дакрануўся да мяне. Я сказаў яму – не чапайце мяне. Ён загадаў мне адысці. Я запытаўся – гэта просьба ці загад? Ён кажа – просьба. Я тады сказаў, што не буду выконваць ягоную просьбу, бо хто ён такі? Па ягоным позірку я зразумеў, што РУУСам справа не скончыцца.
І хутка я пабачыў, як на мяне ідуць чалавек дзесяць хлопцаў моцнага целаскладу ў цывільным, а таксама ў масках і кепках. Людзі паспрабавалі мяне абступіць, але тыя хлопцы вырвалі мяне і пацягнулі ў бус, дзе пачалі збіваць. Выкруцілі мне рукі. Я прасіў іх не ламаць рукі, бо я медык, але мяне ніхто не слухаў.
Напачатку я спрабаваў вырывацца, калі яны мяне білі, але хутка сілы ў мяне скончыліся. Мяне пасадзілі на падлогу. Адзін з іх закрыў мне майкай твар і так трымаў мяне, другі лазіў у маім тэлефоне, а трэці, той, у якога я прасіў паказаць дакументы, біў мяне і лаяўся ў мой адрас».
Аляксея прывезлі ў Фрунзенскі РУУС. Там яго зноў білі.
«Кінулі на падлогу, было два моцных удару па галаве, напэўна, нагамі. Потым мне сказалі ўстаць, і нейкі супрацоўнік у цывільным ударыў мяне ў грудзі, зноў з лаянкай і крыкам.
Адзін з супрацоўнікаў РУУСа казаў мне: мы медыкаў паважаем, цэнім, запоўніце паперы і мы вас адпусцім. На мяне склалі два пратаколы – за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і супраціўленне супрацоўнікам міліцыі. Я стаў дапісваць свае тлумачэнні, бо ў пратаколах шмат што не адпавядала рэчаіснасці. Ну і ў выніку мяне павезлі на Акрэсціна.
Там мяне ўжо не білі. Калі прывезлі, я сказаў, што ў мяне баліць спіна. Мне паабяцалі хуткую дапамогу. Але так і не выклікалі, а мяне адвялі ў камеру. З болем я правёў ноч. Раніцай мяне агледзела фельчар і таксама сказала, што будуць вырашаць пытанне з выклікам хуткай – яна бачыла, што стан у мяне быў не вельмі добры. У мяне балела спіна, я мачыўся крывёй.
Пасля сняданка я паспрабаваў паспаць, але мяне стала трэсці, было млосна і я пачаў ванітаваць. Паклікаў фельчара, яна змерыла ціск, сказала, што высокі, укалола мне абязбольваючае. Боль крыху сціх, але млоснасць і ваніты працягваліся.
У такім стане мяне павялі на суд па Скайпе. Перад камп’ютарам я не мог падняць галаву, мне было вельмі дрэнна, балела шыя, галава, было млосна. Суддзя мне зрабіла заўвагу – паглядзіце на мяне. Я ёй сказаў – я не магу, шыя баліць, галава не падымаецца. Я заявіў хадайніцтва аб пераносе суда з-за дрэннага самаадчування. Мне нарэшце выклікалі хуткую і павезлі ў лякарню з падазрэннем на закрытую чэрапна-мазгавую траўму, садно ныркі і пашкоджанне спіны. У лякарні гэта ўсё пацвердзілі і каля 15.00 3 верасня мяне шпіталізавалі.
Сёння я сябе адчуваю больш-менш нармальна. Мне цяжка сядаць, уставаць, хадзіць па лесвіцы. Акрамя чэрапна-мазгавой траўмы і садно ныркі, выявіліся пераломы паяснічных пазванкоў, і пакуль не вельмі зразумела, што там дакладна. Таксама сёння мяне аглядаў ЛОР і сказаў, што ў мяне пашкоджаная правая барабанная перапонка, і ёсць нейкае кровазліццё ў вобласці вуха».
Аляксей Беластоцкі дапамагаў пацярпелым ад гвалту сілавікоў у СІЗА ў Жодзіна і на Акрэсціна, ратаваў хлопца, які пасля збіцця можа ўжо ніколі не стаць бацькам.
«14 жніўня мне патэлефанаваў знаёмы і сказаў, што патрэбная медычная дапамога людзям, якіх выпускалі з турмы ў Жодзіна. Мы з жонкай – яна таксама медык – паехалі туды. Людзі выходзілі з моцнымі ўдарамі, гематомамі.
З вельмі цяжкім выпадкам давялося сутыкнуцца на наступны дзень у Менску. 15 жніўня ў мяне было сутачнае дзяжурства. Да нас паступіў чалавек з Акрэсціна з траўмай машонкі, яму была патрэбная аперацыя. Траўма была відавочна наступствам жорсткага збіцця. Атрымаў яе мужчына 10 жніўня. А аперацыя была праведзена толькі 15, даволі позна. Таму давялося выдаляць частку яечка, бо тканка там была ўжо нежывая. Канешне, гэта можа сур’ёзна сказацца на фертыльнасці гэтага чалавека.
Тое, што ў нас адбываецца – гэта поўнае бязладдзе і беззаконне. Я не магу падабраць іншага слова. Хто вінаваты? Перш за ўсё, дзеючы прэзідэнт, які менавіта ссінелымі пальцамі трымаецца за сваю ўладу, і сілавікі, якія яго падтрымліваюць. Праваахоўных органаў у нас больш няма. Бо яны не права ахоўваюць, што рабіць павінны, а чыняць бог ведае што. Калі ім патрэбна – закон працуе, калі ім не патрэбна – не працуе.
Я буду абскарджваць і складзеныя на мяне пратаколы, і дамагацца, каб былі прыцягнутыя да адказнасці тыя, хто мяне збіваў. Пакуль я быў на Акрэсціна, мае сябры, жонка знайшлі адвакатаў, сабралі крыху грошай, каб мне дапамагчы. Я буду змагацца за свае правы нават у нашай сітуацыі, калі законы не працуюць. І я думаю, што ўсе мы павінны змагацца. Я бачыў вочы тых людзей, што выходзяць на вуліцы гэтыя тыдні, і я не паверу, што яны змогуць здацца, і зноў таньчыць пад дудку аднаго псіхічна нездаровага чалавека.
Яшчэ да ўсіх гэтых падзей я думаў з’ехаць з Беларусі. Але цяпер, калі я бачу, як людзі выходзяць, я веру, што мы можам усё змяніць. Таму думкі пра ад’езд я пакуль адклаў. Я хачу паспрабаваць навесці парадак у сваёй краіне».
НА Belsat.eu