Літоўскі бок зняпраўдзіў інфармацыю пра тое, што Літва нібыта купляе беларускую электраэнергію.
На гэтым тыдні старшыня камітэту Вярхоўнай Рады Украіны ў пытаннях энергетыкі Андрэй Герус заявіў, што Літва заклікала Украіну ўвесці забарону на набыццё беларускай электраэнергіі, а сама нібыта выкарыстоўвае энергію, вырабленую на БелАЭС.
Belsat.eu папрасіў Міністэрства энергетыкі Літвы пракаментаваць гэтую інфармацыю. Ведамства дало наступны адказ:
«Літва не набывала і не набывае электраэнергіі з Беларусі. Беларуская АЭС уяўляе пагрозу ўсяму рэгіёну, таму Літва зрабіла ўсе неабходныя захады для выканання палажэнняў «антыастравецкага» закону.
У выніку камерцыйны імпарт адтуль завершаны, а тэхнічная плынь абмежаваная. Інфармацыя, якая зʼявілася, не адпавядае рэчаіснасці і неабгрунтаваная».
ІІ belsat.eu