Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у сваім тэлезвароце 21 лютага абвясціў пра прызнанне незалежнасці ўтвораных на тэрыторыі Украіны Луганскай і Данецкай «народных рэспублік».
Зварот Пуціна пачаўся са спазненнем на 40 хвілін.
У ім кіраўнік РФ спачатку распавёў сваё бачанне гісторыі Украіны. У прыватнасці, ён заявіў, што Украіна была створаная расейскімі камуністамі з расейскіх тэрыторыяў.
«Вы хочаце дэкамунізацыі? Ну што ж, нас гэта цалкам задавальняе. Мы гатовы паказаць, што азначае для Украіны сапраўдная дэкамунізацыя», – заявіў Пуцін.
Паводле яго, пасля рэвалюцыі 2014 года ва Украіне «радыкалы» нібыта ўчынілі тэрор супраць іншадумцаў. Таксама ён абвінаваціў Украіну ў тым, што яна шмат гадоў паразітавала на расейскай эканоміцы. А саму «Украіну загналі пад вонкавае кіраванне».
«Новая вайсковая стратэгія Украіны – гэта ні што іншае, як падрыхтоўка да баявых дзеянняў супраць Расеі», – сказаў ён.
Паводле яго, у РФ ёсць доказы, што дзеянні Украіны супраць акупаванага Крыму праводзяцца пры падтрымцы замежных спецслужбаў, а камандаваць украінскімі ўзброенымі сіламі нібыта можа наўпрост НАТО.
Таксама Пуцін некалькі разоў паўтарыў, што «ўступ Украіны ў НАТО – наўпроставая пагроза бяспецы Расеі», нават калі гэта адбудзецца пазней. Ён адзначыў, што Украіна ў выпадку ўступу ў НАТО будзе служыць у якасці перадавога плацдарма для ўдару альянсу па Расеі.
«Расея мае поўнае права прымаць меры ў адказ для сваёй бяспекі, так і будзем паступаць», – сказаў прэзідэнт РФ.
Абвінаваціўшы ўкраінскія ўлады ў тым, што яны нібыта спрабуюць «на Данбасе зноў арганізаваць «бліцкрыг»», Пуцін сказаў:
«Расея прызнае незалежнасць ЛНР і ДНР».
Ён таксама папрасіў парламент падтрымаць заключэнне дамоваў аб супрацы з «рэспублікамі».
«А ад тых, хто захапіў і ўтрымлівае ўладу ў Кіеве, мы патрабуем тэрмінова спыніць баявыя дзеянні. У адваротным выпадку ўся адказнасць за магчымы працяг кровапраліцця будзе цалкам на сумленні кіроўнага на тэрыторыі Украіны рэжыму», – заключыў ён.
Пасля гэтага зварот, які цягнуўся гадзіну, скончыўся.
Адначасова з гэтым ва Украіне прэзідэнт Уладзімір Зяленскі склікаў паседжанне Рады нацыянальнай бяспекі і абароны.
ПС belsat.eu