Лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская плануе правесці перамовы з уладамі Швейцарыі наконт замарожвання актываў Лукашэнкі. Пра гэта яна паведаміла швейцарскай газеце Le Temps.
Святлана Ціханоўская разглядае магчымасць паездкі ў Швейцарыю ў сакавіку, «калі дазволяць абмежаванні, звязаныя з пандэміяй».
У Жэневе яна збіраецца сустрэцца з вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Мічэль Бачэле (Michelle Bachelet), каб абмеркаваць шляхі аднаўлення справядлівасці ў Беларусі, а таксама правесці сустрэчу з уладамі Швейцарыі.
Гэтак, Святлана Ціханоўская хоча звярнуцца да швейцарскага ўраду з просьбай замарозіць актывы Аляксандра Лукашэнкі, якія захоўваюцца ў мясцовых банках.
«Мы таксама хацелі б, каб у Швейцарыі пачалося расследаванне схаваных актываў і мадэляў карупцыі Аляксандра Лукашэнкі», – заявіла Ціханоўская.
У снежні Мічэль Бачэле асудзіла пагаршэнне сітуацыі з правамі ў Беларусі ў сваім выступе на пасяджэнні Рады ААН у справе правоў чалавека. Рада збярэцца на чарговае пасяджэнне, прысвечанае сітуацыі ў Беларусі, у найбліжэйшы чацвер.
МГ belsat.eu