Ці вытрымае Расея міжнародную ізаляцыю пасля нападу на Украіну


Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна, не пацвердзіў паведамлення пра адстаўку кіраўніцы Цэнтрабанку Расеі. Пра тое, што Эльвіра Набіуліна нібыта падала ў адстаўку, але прэзідэнт Уладзімір Пуцін адмовіўся яе звольніць, паведаміў у Facebook былы прэм’ер Украіны Аляксей Ганчарук, а таксама ўкраінскі партал «Обозреватель».

Пасля таго як Расея напала на Украіну, Крэмль сутыкнуўся з нябачанымі раней фінансавымі праблемамі.

Расейскія рублі.
Фота: Фотобанк Moscow-Live / Flickr

У Расеі ёсць грошы, каб выплаціць адсоткі па аблігацыях і вярнуць крэдыты, заявіў сёння міністр фінансаў Антон Сілуанаў. Праўда, забраць іх ён прапанаваў з валютных рахункаў за мяжой, заблакаваных пастановай ЕЗ і ЗША.

Расейскае Міністэрства фінансаў прапануе вярнуць даўгі ў рублях – валюце, якая абясцэнілася за месяц на 40 %. Як тлумачыць рэйтынгавае агенцтва «Fitch», гэта азначае дэфолт. Праўда, рэпутацыя няплатніка – не самая вялікая праблема Крамля.

Ужо цяпер Расея павінна вярнуць $ 117 мільёнаў тым, хто купіў расейскія дзяржаўныя аблігацыі. Адмова ад выплатаў выкліча паніку сярод тых, хто пазычаў грошы Маскве. Дзяржаўныя кампаніі ды ўрад вінныя замежным крэдыторам $ 150 мільярдаў. З іх $ 40 мільярдаў – даўгі расейскага ўраду, $ 25 млрд – даўгі «Газпрому», амаль $ 5 мільярдаў вінная Расейская чыгунка.

«Мы больш не разглядаем расейскага дэфолту як малаверагоднай падзеі. У Расеі ёсць грошы для абслугоўвання свайго доўгу, але яна не можа атрымаць да іх доступу. Мяне больш турбуе тое, што ёсць наступствы, якія выходзяць за межы Украіны і Расеі», – заявіла дырэктарка МВФ Крысталіна Геаргіева.

Страты Крамля ад нападу на Украіну растуць. Нямецкі энергетычны канцэрн «E.ON» спыніў закупку новых аб’ёмаў расейскага газу. Да канца года Еўракамісія паабяцала скараціць куплю расейскай нафты і газу ўтрая, а ЗША наагул адмовіліся іх набываць. Акрамя таго, ЕЗ перастаў набываць расейскую сталь. Энерганосьбіты і металы складаюць больш за палову расейскага экспарту. Летась яны прынеслі Маскве $ 280 мільярдаў. Яшчэ $ 40 мільярдаў Расеі прыносіць экспарт зброі, самалётаў і ядравых матэрыялаў.

Hавiны
Беларускія банкі ўводзяць ліміты на зняцце і продаж валюты. Чаго чакаць далей?
2022.03.15 16:16

«Нешта набудзе Кітай, але ілюзія таго, што мы ўсе цяпер прадамо Кітаю і ўсё ў іх купім, натыкаюцца на праблемы з лагістыкаю. З Еўропай энерганосьбітамі Расея гандлюе з савецкага часу. І з савецкага часу існуе інфраструктура: нафтаправоды, прадуктаправоды, газаправоды», – тлумачыць эканамічны аглядальнік Максім Блант.

За мяжою Расея купляе высокатэхналагічныя тавары: станкі, абсталяванне, камп’ютары, побытавую хімію і хімічнае сыравіну, а таксама транспарт. Забароны прадаваць гэта ў Расею няма, але сусветныя кампаніі самі абвясцілі краіне байкот. Расею пакінулі ўжо больш за 400 фірмаў. Спынілі свае канвееры «Ford», «General Motors», «Jaguar», «Volvo», «Renault», зачыняюцца рэстараны «McDonald’s» і крамы «Apple Store». Сёння вытворчасць і продаж апонаў у Расею прыпыніла карпарацыя «Michelin».

«Калі спыніцца ўсё, што працуе на імпартных камплектавальных, то ў нас застанецца сельская гаспадарка, нафтагазавы сектар і вытворчасць угнаенняў. Але калі іх ніхто не будзе купляць, то гэта будзе бессэнсоўная вытворчасць», – папярэджвае Максім Блант.

Цэнтрабанк Расеі прагназуе, што ВУП краіны ў 2022 годзе ўпадзе на 8 %. Такога прагнозу прытрымліваецца і большасць сусветных фінансавых карпарацыяў. Праўда, вашынгтонскі Інстытут міжнародных фінансаў прадказвае, што ў выніку санкцыяў расейская эканоміка прасядзе на 30 %, як у пачатку 90-х.

Цалкам артыкул Аляксандра Папка чытайце тут.

belsat / ІР

Стужка навінаў