CIT: Расея перакідвае да мяжы з Украінай 1-ю танкавую армію


1-я гвардзейская танкавая армія Узброеных сілаў Расеі пакідае палігон пад Варонежам і перакідвае дадатковую тэхніку да мяжы з Украінай. Пра гэта паведамляе праект «Conflict Intelligence Team».

Паводле CIT, за апошнія дні ў сетцы з’явіўся шэраг відэа з вайсковай тэхнікай, знятых на станцыі Маслоўка ў прыгарадзе Варонежу, а таксама ў Белгарадзе і Белгародскай вобласці.

Эксперты прыходзяць да высновы, што гаворка ідзе пра перакідванне сілаў 1-й гвардзейскай танкавай арміі да мяжы з Украінай.

«Такое перасоўванне тэхнікі да мяжы выклікае асаблівыя асцярогі на фоне папярэджанняў амерыканскай выведкі аб меркаванай аперацыі супраць Украіны на наступным тыдні і эвакуацыі замежных амбасадаў з Кіева», – адзначаюць у CIT.

  • З лістапада 2021 года Расея канцэнтруе свае войскі на мяжы з Украінаю. Па стане на 8 лютага ўкраінскі бок ацэньваў колькасць групоўкі ў 140 тысяч вайскоўцаў.
  • 11 лютага дзяржсакратар Энтані Блінкен заявіў, што ЗША назіраюць вельмі трывожныя прыкметы эскалацыі, у тым ліку прыбыццё новых расейскіх сіл да мяжы з Украінай. «Мы падышлі да таго моманту, калі ўварванне можа пачацца ў любы момант, у тым ліку і падчас Алімпійскіх гульняў», – заявіў Блінкен.
Hавiны
Заходнія медыі: Пуцін прыняў рашэнне аб уварванні ва Украіну, найбольш верагодная дата – 16 лютага
2022.02.12 08:42

РР belsat.eu

Стужка навінаў