Пад навінамі «Онлайнера» часта пакідалі сотні каментароў. Рэдакцыі даводзілася іх мадэраваць, але з новымі законамі гэта зрабілася нашмат цяжэй.
Партал Onliner.by паведаміў пра адключэнне каментароў на сайце ад 12 ліпеня. Пры гэтым форумы выдання працягваюць працу.
З канца восені мінулага года кожны каментар карыстальніка перад публікацыяй вычытваў мадэратар, каб пераканацца, што тэкст не парушае заканадаўства. Аднак прынятыя ў апошні час законы ўзмацняюць адказнасць за публікацыю «незаконнага» кантэнту, а межы паміж законным і «незаконным» цяпер, як піша рэдакцыя, «часта цяжка вызначыць нават прафесійнаму юрысту».
Праз гэта рэдакцыя не можа гарантаваць бяспекі тых, хто выказваецца пад навінамі, «асабліва на эмоцыях, а парадак дня такі, што па-іншаму, бывае, і не атрымліваецца». Гаворка ідзе і пра крымінальныя артыкулы супраць аўтараў каментароў і пра бяспеку рэдакцыі.
«Мы ўдзячныя ўсім нашым чытачам і ганарымся, што змаглі стварыць самую актыўную пляцоўку для абмену меркаваннямі ў краіне. Але сітуацыя змянілася», – піша рэдакцыя і дадае, што працягвае працаваць у Беларусі і для беларусаў.
18 траўня ў менскім і рэгіянальным офісах TUT.by, а таксама дома ў працаўнікоў выдання адбыліся ператрусы. 15 чалавек, звязаныя з парталам, апынуліся ў няволі, у тым ліку дырэктарка, галоўная рэдактарка і ўдава заснавальніка парталу. Улады хочуць прызнаць увесь партал «экстрэмісцкім». Сайт TUT.by перастаў працаваць у той жа дзень, але 8 ліпеня каманда парталу запусціла новы сайт – Zerkalo.io.
Падчас «зачысткі» КДБ (так гэта назвалі самі ўлады) 8 ліпеня прайшлі ператрусы прынамсі ў пяці выданнях: «Нашай Ніве», «Брестской газете», «Медиа-Полесье», «Intex-Press» і «Orsha.eu». У няволі аказаліся кіраўнікі «Нашай Нівы» і галоўны рэдактар часопісу «Наша гісторыя», і галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» збілі пры затрыманні. «Зачыстка» працягнулася і 9 ліпеня – ператрус правялі сярод іншых у журналісткі Onliner.by Настассі Занько.
АА belsat.eu