Год таму каля станцыі метро «Пушкінская» ў Менску быў забіты Аляксандр Тарайкоўскі


34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі быў застрэлены 10 жніўня 2020 каля станцыі метро «Пушкінская» ў Менску невядомым байцом у вайсковай форме. Аляксандр падыходзіў да групы сілавікоў з паднятымі рукамі.

Аляксандр Тарайкоўскі.
Фота: сямейны архіў

Спачатку прэс-служба Міністэрства ўнутраных справаў заяўляла, што ў руках Тарайкоўскага выбухнула невядомая прылада, якую ён спрабаваў кінуць у сілавікоў. Аднак пасля публікацыі шэрагу відэазапісаў з месца падзеяў, дзе выразна відаць стрэл байца ў чалавека з паднятымі рукамі, афіцыйная версія змянілася.

Старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч прызнаў, што Аляксандр Тарайкоўскі быў забіты сілавікамі, але крымінальную справу заводзіць адмовіліся «праз адсутнасць складу злачынства і грамадска небяспечнага дзеяння». Тады ён заявіў, што Тарайкоўскі «сваймі дзеяннямі правакаваў праваахоўнікаў: яны не ведалі сапраўдных матываў і мэтаў ягоных дзеянняў».

Сваякам Тарайкоўскага ў лютым адмовілі ў праве азнаёміцца з матэрыяламі праверкі ягонай гібелі.

Аб’ектыў
Сям’і Тарайкоўскага не далі матэрыялы правярання абставінаў ягонай смерці
2021.02.23 22:07

У жніўні на месцы забойства Тарайкоўскага ўтварыўся стыхійны мемарыял, які камунальнікі неаднаразова намагаліся разбурыць.

Народны мемарыял Аляксандру Тарайкоўскаму, забітаму 10 жніўня.
Фота: Леся Пчолка

За надпіс «Не забудзем» на асфальце каля месца забойства за краты адправілі чатырох чалавек, яшчэ адну жанчыну – на «хатнюю хімію». Людзей затрымлівалі нават за ўскладанне кветак каля «Пушкінскай».

Побач з месцам, куды людзі ўскладалі кветкі ў памяць пра забітага, у траўні паставілі закрыты смеццевы кантэйнер, хоць найбліжэйшая сметніца размяшчаецца за 20 метраў.

Кантэйнер на месцы мемарыялу Тарайкоўскаму.
Фота: Наша ніва

У чэрвені падатковая інспекцыя Маскоўскага раёну Менску выставіла рахунак удаве забітага пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага за грошы, якія ёй пералічылі неабыякавыя беларусы. Падатковая палічыла дабрачынную і бязвыплатную дапамогу грамадзянаў асабістым прыбыткам і забавязала ўдаву выплаціць больш за 11 тысяч рублёў адпрыбытковага падатку.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў