На Мазырскі НПЗ чыстая нафта з Расеі мусіць паступіць 4 траўня


Канцэрн «Белнафтахім» паведамляе, што па стане на 9.00 30 красавіка якасная расейская нафта знаходзіцца на 30-м км шляху ад дыспетчарскай станцыі «Унеча» у Бранскай вобласці.

Прапампоўка чыстай нафты па нафтаправоду «Дружба» пачалася 29 красавіка ў 17.40. Цяпер чыстая нафта мусіць выцесніць у рэзервуарны парк нафту кепскай якасці, што раней пастаўлялася з Расеі.

У прэс-службе «Белнафтахіма» паведамляюць, што з улікам хуткасці руху нафты прыбыццё чыстай сыравіны на беларускую тэрыторыю чакаецца не раней 23.00 2 траўня. На Мазырскі НПЗ яна трапіць не раней за 4 траўня. Раней у Міністэрстве энергетыкі РФ заяўлялі, штона НПЗ у Мазыры чыстую нафту меркавана атрымаюць 2-3 траўня.

«Прынятыя меры дазволяць аднавіць працу толькі адной ніткі трубаправода «Дружба». Поўнае аднаўленне запатрабуе некалькіх месяцаў напружанай працы», – адзначаюць у канцэрне.

У «Белнафтахіме» дадаюць, што ўрэгулявання сітуацыі вакол паставак няякаснай нафты з РФ працягваецца.

  • Скандал вакол паставак няякаснай нафты пачаўся 19 красавіка. У гэты дзень дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім» заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці нафты, што паступае па нафтаправодзе з Расеі.
  • 21 красавіка канцэрн «Белнафтахім» прыняў рашэнне часова абмежаваць экспартныя пастаўкі нафтапрадуктаў з улікам пагаршэння якасці расейскай нафты, што пастаўляецца ў Беларусь. Намеснік старшыні «Белнафтахіму» Уладзімір Сізоў на пасяджэнні аператыўнага штаба па кантролю за сітуацыяй па пастаўках нафты заявіў: «З улікам правядзення пасяўной кампаніі, наяўных рызыкаў па перапрацоўцы сыравіны з пагаршэннем якасці намі прынятае рашэнне аб часовым абмежаванні паставак нафтапрадуктаў па экспартных напрамках».
  • 22 красавіка Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод паведаміў, што расейская нафта кепскай якасці прывяла да выхаду са строю дарагога абсталявання.
  • Праз кепскую якасць нафты Польшча і Украіна адмовіліся прымаць яе і прыпынілі транзіт праз сваю тэрыторыю.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў