Мітрапаліта Паўла знялі з пасады. Цяпер Беларускай праваслаўнай царквой кіруе епіскап Веньямін


Павел жа прызначаны РПЦ кіраўніком Кубанскай мітраполіі.

З пасады Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі вызвалены мітрапаліт Павел, які прыехаў кіраваць Беларускай праваслаўнай царквой з Разані. Патрыяршым экзархам усяе Беларусі, мітрапалітам Менскім і Заслаўскім прызначаны епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін з захаваннем за ім часовага кіравання Барысаўскай епархіяй. Пра гэта паведамляе кіраўнік прэс-службы РПЦ Уладзімір Лягойда.

Такое рашэнне прыняў Святы Сінод Расейскай праваслаўнай царквы на пасяджэнні ў аўторак у Маскве. Мітрапаліта Паўла прызначылі кіраўніком Кубанскай мітраполіі, папярэдні кіраўнік каторай памёр 8 жніўня ад ускладненняў пасля каронавірусу.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў мітрапаліт Павал заявіў на сустрэчы з вернікамі, што шкадуе пра заўчаснае віншаванне Аляксандра Лукашэнкі з перамогай.

Епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін.
Фота: church.by

Што вядома пра епіскапа Веньяміна?

Гэта першы беларус на пасадзе настаяцеля Беларускай праваслаўнай царквы. Ягоныя папярэднікі – мітрапаліт Філарэт і мітрапаліт Павел – былі родам з Расеі.

Епіскап Веньямін Тупека нарадзіўся ў 1968 годзе ў Лунінцы (Берасцейская вобласць). Скончыў радыёфізічны факультэт БДУ. Мае таксама ступень кандыдата багаслоўя.

У 2010 годзе прыняў у Маскве сан епіскапа Барысаўскага, вікарыя Менскай епархіі. У БПЦ быў адказным за выдавецкія справы і рэлігійную адукацыю, быў намеснікам старшыні царкоўнага суда Беларускага Экзархату. Рашэннем Святога Сінода ў 2014 годзе быў прызначаны епіскапам Барысаўскім і Мар’інагорскім.

У сваёй навуковай дзейнасці епіскап Веньямін канцэнтраваўся перадусім на расейскім праваслаўі. Да прыкладу, у траўні 2015 года епіскап выступіў у Алексіеўскім манастыры (Яраслаўская вобласць Расеі) на навукова-практычнай канферэнцыі «Праваслаўная расейская школа: традыцыі, вопыт, магчымасці, перспектывы». Канферэнцыю арганізоўваў фонд «Русский мир». Епіскап Веньямін чытаў даклад: «Аднаўленне і адаптацыя традыцый расейскай праваслаўнай педагогікі да зменных рэаліяў сучаснага грамадства».

Праваслаўны святар Аляксандр Шрамко, якога ў 2018 годзе акурат мітрапаліт Павел забараніў у служэнні за крытыку царкоўных вярхоў, напісаў у «Фэйсбуку»: «Людзі! Не радуйцеся! Нічога добрага ў гэтым перапрызначэнні няма. Па ўсіх параметрах. БПЦ рызыкуе канчаткова ператварыцца ў вельмі адыёзную структуру».

https://www.facebook.com/alexander.shramko/posts/10224621761911963

«Веньямін – гэта прыхільнік дзяржаўнай лукашэнкаўскай ідэалогіі, – пракаментаваў «Белсату» айцец Аляксандр Шрамко. – Гэта лукашыст. Да беларушчыны ён прыхільны ў такой жа ступені, як і Аляксандр Лукашэнка».

У 2014 годзе ў дзень памяці прападобнага Фёдара Астрожскага епіскап Барысаўскі Веньямін здзейсніў літургію на беларускай мове. Ён казаў пра неабходнасць духоўнага ўмацавання беларускага грамадства, што пасадзейнічае ўстойліваму развіццю і нацыянальнай ідэнтычнасці беларускага народа.

У 2015 годзе епіскап прыняў удзел у афіцыйным спатканні з расейскім літаратарам і публіцыстам Юрыем Лошчыцам. Вядома, што Лошчыц – адзін з рэдактараў парталу «Русское воскресение», дзе ў якасці дэвізу стаяць словы: «Православие, самодерждавие, народность».

«Чалавек строгі і прынцыповы. Ён перакананы, што аўтакефалія – гэта грэх. Задэклараваў вернасць Маскоўскаму патрыярхату, але з меркаванняў не палітычнага характару, а рэлігійнага. Не сімпатызуе экуменізму, лібералізму рознага кшталту. Цвёрдая рука для яго – гэта таксама частка светапогляду. Ён чалавек, які мае манастырскі бэкграўнд, таму для яго важныя падпарадкаванне і іерархія», – пракаментавала тэолаг Наталля Васілевіч прызначэнне новага кіраўніка БПЦ Веньяміна.

ВШ Belsat.eu

Стужка навінаў