Мінабароны не бачыць падставаў для адмены параду 9 траўня

Міністэрства абароны адказала на петыцыю з патрабаванне адмяніць вайсковы парад 9 траўня. Ліст з ведамства апублікаваны на сайце petitions.by пад калектыўным зваротам грамадзянаў.

Збор подпісаў з патрабаваннем адмяніць парад распачаўся на сайце Зручны горад» 29 сакавіка. Патрабаванне падтрымалі 7 305 беларусаў. Ініцыятары збору подпісаў адзначаюць, што ў Беларусі адмененыя буйныя масавыя мерапрыемствы, каб спыніць распаўсюд каронавірусу.

Тым не менш Мінабароны лічыць інакш.

«Эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі дазваляе Узброеным сілам праводзіць планавыя мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі. Падрыхтоўка і правядзенне параду з’яўляецца складовай часткай баявой падрыхтоўкі войскаў. Падчас трэнаванняў асабісты склад удасканальвае навыкі, у тым ліку кіравання і абслугоўвання замацаванай за ім тэхнікі, павышае прафесійнае майстэрства», – адзначаецца ў адказе, які падпісаў Віктар Хрэнін, Міністр абароны.

У ведамстве таксама лічаць, што традыцыя правядзення параду, які зʼяўляецца данінай гераізму, сімвалізуе гатовасць беларускага народа адстойваць нацыянальныя інтарэсы дзяржавы.

Раней Міністр замежных справаў Уладзімір Макей адзначаў, што перад самым парадам сітуацыя з распаўсюдам каронавірусу будзе вывучацца і адпаведна прымецца рашэнне адносна параду.

Напрыканцы сакавіка Лукашэнка паабяцаў, што нягледзячы на каронавірус ніякія мерапрыемствы да 75-гадовага юбілею перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне адмяняцца не будуць.

Адметна, што ў Расеі кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін прыняў рашэнне перанесці парад, паколькі пік эпідэміі яшчэ не пройдзены.

Зафіксаваны першы выпадак заражэння каронавірусам у беларускай арміі

СК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны