Міліцыянты змушаюць выбачацца на відэа людзей, якія малююць графіці супраць уладаў


Прэс-служба МУС паведамляе аб 559 выпадках распаўсюду супраць уладных графіці, улётак, налепак за апошнія два месяцы. А на камеру выбачаліся жыхары Маладзечна і Чэрвеня.

Выбачэнні на камеру

Паводле звестак МУС, амаль штодзень фіксуюцца факты размяшчэння ў грамадскіх месцах надпісаў, налепак, транспарантаў, расцяжак і ўлётак, якія скіраваныя супраць існай выбарчай сістэмы і ўладаў. За 2 месяцы было зфиксавана 559 выпадкаў, больш за ўсё ў Менску і Менскай вобласці.

Жыхар Чэрвенскага раёну размаляваў прыпынак і дарожны знак, а таксама раскідаў улёткі на вуліцах аграгарадку Ляды. Ён цалкам раскаяўся ў здзейсненым. Балончык з фарбаю купіў у Менску, а тэкст улётак знайшоў у інтэрнэце, раздрукаваў і раскідаў па вуліцах роднай вёскі. Яму дапамагаў 56-гадовы бацька.

Абодвух прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў добраўпарадкаванасці і пашкоджанне дарожнага знаку і аўтобуснага прыпынку. Агулам іх аштрафавалі на Br 2295. А таксама змусілі выбачацца на камеру.

У Маладзечна 3 ліпеня міліцыянты падышлі да 32-гадовага мужчыны, які падазраваўся ў адміністрацыйным правапарушэнні і зрабілі заўвагу. Мужчына здымаў усё на тэлефон і не слухаўся міліцыянтаў. Яго таксама аштрафавалі на Br 210 і змусілі выбачыцца на відэа. На роліку чутно, як у яго дрыжыць голас.

МУС папярэджвае, што маляванне графіці і распаўсюд друкаваных матэрыялаў у месцах, якія для рэкламы не прызначаныя, караюцца штрафам паводле арт. 21.14 КаАП (парушэнне добраўпарадкавання), арт. 9.3 КаАП (абраза), а калі ў іх ёсць заклікі да масавага сходу, то і арт. 23.34 КаАП (парушэнне правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў). У пэўных выпадках можна нават патрапіць пад арт. 341 Крымінальнага кодэксу (псаванне маёмасці).

«Мы не папярэджваем, але хочам апярэдзіць. Паглядзіце на відэа і задумайцеся, навошта рабіць тое, аб чым потым прыйдзецца шкадаваць», – гаворыцца на старонцы МУС.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 9 жніўня.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў