«Маскі-шоў» на канцэрце
На сайце Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Менскага гарвыканкаму з’явілася паведамленне, у якім тлумачыцца зрыў суботняга канцэрту «Miensk Edge Day».
Паводле ГУУС Менгарвыканкаму, невядомы паведаміў у міліцыю пра тое, што на канцэрце будуць распаўсюджваць наркотыкі і што на імпрэзе знаходзяцца няпоўнагадовыя.
«У сувязі з магчымым знаходжаннем на канцэрце вялікай колькасці грамадзянаў, задзейнічалі супрацоўнікаў Партызанскага РУУС Менску і АМАП ГУУС Менгарвыканкаму. Пасля прыбыцця міліцыянтаў канцэрт быў спынены, частку прысутных даставілі ў Партызанскі РУУС. Пасля ўсталявання асобаў іх адпусцілі», – гаворыцца ў паведамленні.
І дадаецца, што ў Партызанскім РУУС зарэгістраваны матэрыял праверкі, праводзіцца разбіральніцтва
Канцэрт праходзіў 14 кастрычніка ў прасторы «210 metrov» па вуліцы Чапаева, 3 у Менску. На ім меліся выступіць чатыры калектывы з Беларусі і Расеі. Сярод гледачоў былі пераважна прадстаўнікі антыфашысцкага руху.
«Тут тры бусы з людзьмі ў масках. Усіх гледачоў паставілі «на расцяжку», моцна ўсіх білі», – перадаў карэспандэнт Belsat.eu, які знаходзіўся на месцы падзеі.
Пасля гэтага некалькі дзясяткаў асобаў павезлі ў Партызанскі РАУС, а пазней адпусцілі без складання пратаколаў.
АМАП больш за гадзіну трымаў людзей у расцяжцы
НМ, belsat.eu