Марш народаўладдзя: сотні затрыманых і планы сабрацца зноў


Беларусы 92-і дзень запар выходзяць адстойваць сваё права на свабоду. Сёння ад 12-й праходзіць традыцыйны нядзельны Марш. Гэтым разам ён атрымаў назву Марш народаўладдзя. Уключэнні з вуліцаў і апошнія навіны глядзіце ў нашым жывым эфіры.

У Менску ўжо ачэпленыя цэнтральныя вуліцы напярэдадні акцыі пратэсту. На Кастрычніцкай выставілі агароджу і дзяжураць так званыя касманаўты. На вуліцах заўважаныя вадамёты і браневікі.

Менскі метрапалітэн паведамляе, што дзеля бяспекі пасажыраў на ўваход і выхад зачынены ўсе станцыі трэцяй лініі, станцыі Кастрычніцкая, Купалаўская, Плошча Перамогі, Няміга, Фрунзенская. У Менску праблемы з доступам да мабільнага інтэрнэту ад 10 гадзіны раніцы. Аператар А1 паведамляе, што праблемы звязаныя з распараджэннем упаўнаважаных дзяржаўных органаў.

Графік працы змянілі некаторыя гандлёвыя кропкі. ГЦ «Galleria Minsk» 8 лістапада працуе па змененым графіку – з 17 гадзін. У Instagram’е галерэі паведамляюць, што прычыны тэхнічныя.

22:10. Паведамляецца пра акцыі салідарнасці ў Менску на Усходзе, у Курасоўшчыне, Сляпянцы ды іншых мікрараёнах.

21:50. У спісах валанцёраў за сёння ўжо больш за 1000 затрыманых, праваабаронцы перадаюць пра больш за 700.

21:45. Ланцугі салідарнасці таксама ўтварыліся ў Менску на Лагойскім тракце і ў Бараўлянах.

21:30. У Серабранцы працуюць байцы ГУБАЗіКу: затрыманыя мінімум 7 чалавек.

21:05. Паведамляецца пра акцыі салідарнасці ва Уруччы, ля «Пушкінскай», у Новай Баравой, ля велазаводу. Месцамі адбываюцца затрыманні.

20:55. У ланцуг салідарнасці сталі жыхары менскага Міхалова. Таксама на акцыі выйшлі ў Чэрвені, Ракаве і Клічаве.

20:45. Вечаровы ланцуг салідарнасці сабраўся ў менскім мікрараёне Лошыца. Паведамляецца пра затрыманні ў Серабранцы і на Каменнай Горцы.

20:30. Паведамляецца пра акцыі салідарнасці ў Каменнай Горцы, на вуліцах Далгабродская і Казінца ў Менску, у пасёлку Прылукі пад Менскам, у Лагойску і Дзяржынску.

20:00. У Сухараве, каля ГЦ «Максімус», пачалі збірацца людзі. Але прыехалі два буса з сілавікамі і пачаліся затрыманні.

Удзельнікі Маршу народаўладдзя. 8 лістапада 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / belsat.eu

19:40. У цэнтр Менску зноў сцягваецца спецтэхніка сілавікоў. За Палацам спорту ўжо стаяць вадамёты і грузавікі з сілавікамі – агулам каля 10 машынаў.

Раней тэлеграм-каналы распаўсюдзілі заклікі а 20-й пачынаць збірацца ў сваіх раёнах, а потым рухацца ў бок цэнтру гораду.

Удзельнікі «Маршу народаўладдзя». 8 лістапада 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / belsat.eu

19:00. Мужчыну, якога забрала хуткая на Мельнікайтэ, даставілі ў вайсковы шпіталь. Раней паведамлялася, што днём на вул. Мельнікайтэ былі чутны стрэлы, пасля чаго некалькі сілавікоў пачалі круціцца вакол нерухомага чалавека. Яго забрала хуткая. ТГ-канал медыкаў «Белыя халаты» выказваў меркаванне, што магчыма выкарыстоўвалася агнястрэльная зброя.

Удзельнік Маршу народаўладдзя глядзіць на кардон сілавікоў. 8 лістапада 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / belsat.eu

Цяпер канал піша, што адпраўка пацярпелага ў вайсковы шпіталь выклікае падазрэнне: «Чаму цывільнага даставілі ў вайсковы шпіталь? Можна толькі выказаць здагадку, што сапраўдную прычыну траўмы спрабуюць схаваць».

АМАП падчас Маршу народаўладдзя ў Менску. 8 лістапада 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / belsat.eu

18:45. У спісах валанцёраў больша за 640 прозвішчаў затрыманых.

Людзі збягаюць ад сілавікоў падчас Маршу народаўладдзя. 8 лістапада 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / belsat.eu

18:15. Вызвалілі журналістаў Святаслава Зоркага і Алену Шабуню, а таксама актывістку БХД Таццяну Севярынец.

17:55. У спісах затрыманых ад валанцёраў і праваабаронцаў ужо больш як 430 чалавек.

Марш народаўладдзя. Менск 8 лістапада 2020 г. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

17:40. А на аэрадроме Ліпкі пад Менскам праходзіць мітынг у падтрымку Лукашэнкі. Людзей мала.

Мітыг у падтрымку Лукашэнкі 8 лістапада.
Фота: belsat.eu

17:25. Сёння на 20:00 прызначаны чарговы Марш народаўладдзя.

17:10. МНС прыехала здымаць сцягі на «Уруцкім замку». Паведамляюць, што ў іх пакуль нічога не атрымліваецца.

17:00. Паводле тг-каналу «Списки Окрестина», з Маскоўскага РАУС хуткая забрала аднаго з затрыманых. Агулам лік тых, каго затрымалі, перавысіў 400 чалавек.

Плакаты людзей на маршы 8 лістапада ў Менску.
Фота: belsat.eu

16:55. Сёння АМАП забег у інтэрнат БДУІР за людзьмі. Чытачы паведамляюць, што ў інтэрнат АМАП пусціла вахцёрша. У выніку хлопцаў, якія спрабавалі схавацца – затрымалі.

16:50. У Менску запрацаваў мабільны інтэрнэт.

16:40. У Полацку пасля звычайнай экскурсіі проста так затрымалі людзей.

16:20. На вуліцы Куйбышава непадалёку ад Камароўкі затрымалі журналіста Арцёма Ляву, а ў Віцебску затрыманая журналістка Алена Шабуня.

Усе станцыі метро пачалі працаваць у штатным рэжыме. Нагадаем, што сёння была цалкам закрытая 3-я лінія метро, якая напярэдадні прыняла першых пасажыраў.

Плакаты людзей на маршы 8 лістапада ў Менску.
Фота: belsat.eu

16:10. Чытачы паведамляюць, што толькі што на «Пушкінскую» з боку «Планеты» падʼехаў АМАП, разагналі невялікую групу людзей.

Затрыманні 8 лістапада.
Фота: belsat.eu

У спісах «Вясны» ўжо больш за 300 чалавек.

16:05. У спісе праваабаронцаў «Вясна» сёння ёсць Вольга Хіжанкова, Міс Беларусь-2008 і былая прэс-сакратарка «Дынама Берасце».

Плакат на акцыі 8 лістапада ў Менску. Крыніца: @belsat.eu

16:00. Сярод затрыманых, верагодна, пляменнік Паўла Латушкі Раман. Таксама затрыманы вядоўца «Калыханкі» Аляксандр Ждановіч, больш вядомы як Маляваныч.

Сярод затрыманых у Менску сёння – зорка лёгкай атлетыкі, срэбны прызёр Алімпіяды Андрэй Краўчанка і Іван Ганін, пераможца Кубка свету па кікбоксінгу, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету па кікбоксінгу.

Акцыя ў Жодзіне.
Фота: чытачы belsat.eu

15:45. Каля ГЦ «Галерэя» затрыманы журналіст БелаПАН Ян Аўсяюшкін. Таксама затрыманыя фатографы Святаслаў Зоркі і Віктар Талочка.

Затрыманні 8 лістапада.
Фота: Belsat.eu

15:30. Валанцёрам вядомыя імёны 235 чалавек, якіх сёння затрымалі ў Менску. Спісы дапаўняюцца

15:20. У Менску на вул. Мельнікайтэ былі чутны стрэлы. А паміж Нямігай і Раманаўскай Слабадой байцы ГУБАЗіКа спынілі аўто, груба выцягнулі з яго двух хлопцаў і пацягнулі ў свой бус. Пасля сілавікі самі ўручную адвялі машыну затрыманых на ўзбочыну.

На скрыжаванні Машэрава і Незалежнасці сілавікі разагналі калону, у якой была ў тым ліку Ніна Багінская. Частку людзей затрымалі, але Ніну Багінскую не чапалі.

Марш народаўладдзя. Менск 8 лістапада 2020 г. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

15:00 На Нямізе зноў намагаюцца сабрацца пратэстоўцы. Сілавікі бегаюць са зброяй. У Ніны Багінскай адабралі бел-чырвона-белы сцяг.

Марш народаўладдзя. Менск 8 лістапада 2020 г. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

На гэтую хвіліну ўжо вядома пра 138 затрымалі.

Разгонам каля стэлы імаверна кіраваў гэты чалавек. Марш народаўладдзя. Менск 8 лістапада 2020 г. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

14:50 Менск. Частка пратэстоўцаў дайшла да Пушкінскай.

14:40 Віцебск. Затрымалі Таццяну Севярынец і журналістку Алену Шабуню. Яна з сяброўкай ішла па вуліцы Леніна. Людзі ў форме перагарадзілі ім дарогу і пасадзілі ў аўта.

Затрыманні ў Менску падчас Маршу народаўладдзя. 8 лістапада 2020 года. Фота Reuters / Forum

Менск. На пр. Машэрава побач з Белай Вежай стаяць 2 аўтазакі і 8 бусаў. Сілавікі перагружаюць затрыманых пратэстоўцаў з бусаў у аўтазакі.

Сілавікі падчас «Маршу народаўладдзя» ў Менску. 8 лістапада 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / belsat.eu

14:20 Хапун на вуліцы Старажоўская. Сілавікі затрымалі каля 30 пратэстоўцаў. Затрыманні ля супермаркету Карона, сілавікі выводзяць людзей з крамы.

14:10 Калона спецтэхнікі (вадамёты, аўтазакі і аўтамабілі «Рубеж») рухаецца па пр. Пераможцаў у бок пр. Незалежнасці.

Шмат бусаў і тэхнікі рушылі па пр. Машэрава ў бок Багдановіча. Таксама кардон, які быў на стэле, з’ехаў, паведамляюць чытачы.

14:00 На вуліцы Багдановіча побач з Оперным тэатрам спынілася калона аўтазакаў і шмат бусаў з сілавікамі. Рыхтуюцца сустрэць калону пратэстоўцаў, якая рухаецца ў бок вул. Багдановіча па пр. Машэрава, перадаюць карэспандэнту «Белсату».

Удзельнікі Маршу народаўладдзя ў Менску хаваюцца ў адной з кватэраў пасля разгону акцыі сілавікамі. 8 лістапада 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / belsat.eu

У спісе затрыманых на дадзены момант больш за 60 чалавек з Менску, Гомля, Баранавічаў, Ляхавічаў.

13:40 Сілавікі блакуюць праход людзей да скрыжавання Кальварыйскай і Цэткін. Пачаўся хапун, людзі пачалі разбягацца.

Другая калона пратэстоўцаў (каля 3,5 тыся чалавек), якая не змагла прарвацца да стэлы, развярнулася і рушыла па пр. Машэрава ў бок вуліцы Багдановіча.

Калона пратэстоўцаў ля Альварыі рушыць у цэнтр

Наш журналіст перадае, што каля гатэлю Планета паўсюль ачапленне. Людзі ідуць невялікімі групамі па пр. Машэрава ў цэнтр, але іх няшмат. АМАП бегае і хапае людзей. Наш карэспандэнт паведамляе пра хлапок, але ці быў гэта выбух святлогукавой гранаты альбо стрэлы, дакладна невядома.

Сілавікі перакрылі мост праз Свіслач на пр. Машэрава

13:30 На Фрунзенскай калона каля 1500 чалавек, яны спрабуюць прайсці к калоне. Большасць перасоўваецца невялікімі групамі. Сілавікі не даюць людзям аб’яднацца ў адну вялікую калону.

13:20 Адна з калон на пр. Машэрава сфарміравалася. Людзі блакуюць дарогу. Грамадскі транспарт ужо не ездзіць.

Удзельнікі «Маршу народаўладдзя» ў Менску. 8 лістапада 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / belsat.eu

Каля стэлы сілавікі адціснулі на ўзгорак ля гатэля Планета.

Удзельнікі «Маршу народаўладдзя» ў Менску. 8 лістапада 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / belsat.eu

Праваабаронцы паведамляюць пра 22 затрыманых.

Вялікая калона бусаў сілавікоў на пр. Пераможцаў

13:10 На Ціміразева паехалі вадамёты і каля дзесяці аўтазакаў. Па Кальварыйскай паехалі машыны хуткай дапамогі, унутры каторых, паводле відавочцаў, сядзяць людзі ў чорным.

13:00 На перакрыжаванні Багдановіча і пр. Пераможцаў спыніліся 10 бусаў з сілавікамі. Выскачылі сілавікі і пачалі затрымліваць мінакоў.

Удзельнікі «Маршу народаўладдзя» ў Менску. 8 лістапада 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / belsat.eu

На мосце праз Свіслач побач з Траецкім прадмесцем стаіць Ніна Багінская з бел-чырвона-белым сцягам.

Некалькі соцень чалавек спрабуюць прайсці ад вуліцы Старажоўскай да стэлы. Ім не даюць прайсці сілавікі.

12:40 На мосце праз Свіслач каля Палаца Спорту Ніна Багінская са сцягам і мітынгоўцы, якія спрабуюць прайсці да стжлы. Іх заблакавалі сілавікі. Пачаўся хапун.

Перакрыты рух для машын па Леніна з боку праспекта. Таксама закрыты праезд на Нямізе ля «Макдональдса».

Удзельнікі «Маршу народаўладдзя» ў Менску. 8 лістапада 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / belsat.eu

Каля 100 пратэстоўцаў рухаюцца па пр. Пераможцаў у бок ГЦ Галерэі ў Менску. За імі едуць бусікі з сілавікамі.

12:20 Людзі невялікімі групамі сустракаюцца ў дварах і каля кавярняў і ідуць у бок Ратушы і на Нямігу, перадаюць нашыя карэспандэнты. Сімволікі пакуль не заўважана.

Удзельнікі «Маршу народаўладдзя» ў Менску. 8 лістапада 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / belsat.eu

Па праспекце Незалежнасці курсуюць бусы з АМАПам. На Нямізе таксама стаяць спецаўты.

Нашыя журналісты бачылі, як затрымлівалі некалькі чалавек.

Удзельнікі «Маршу народаўладдзя» ў Менску. 8 лістапада 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / belsat.eu

11:55 У Менску на Інтэрнацыянальнай, паміж кінатэатрам Перамога і вуліцай Леніна стаяць 2 вялікіх аўтобуса з сілавікамі, у поўнай амуніцыі. Каля 100 чалавек выгружаюцца, паведамляюць нам чытачы.

Святлана Ціханоўская падтрымала ўсіх, хто выйдзе сёння на Марш народаўладдзя:

«Дарагія беларусы! За час пратэстаў мы прайшлі каласальны шлях пераменаў і шматлікім ахвяравалі на гэтым шляху. Але мы супрацьстаім беззаконню і гвалту ўжо 90 дзён. Рэжым не хоча даваць нам права вырашаць, што будзе далей з нашай краінай. Але мы заслужылі гэта права, і мы будзем працягваць да самай перамогі. Таму я падтрымліваю кожнага, хто выйдзе сёння на марш. Памятаеце: вы выходзіце на вуліцу свайго горада, сваёй дзяржавы. І кожны ваш крок – гэта крок да новай свабоднай Беларусі ».

 

Стужка навінаў