Макрон запрасіў Лукашэнку ў Парыж


Кіраўніка Беларусі чакаюць у Францыі 11 лістапада. У гэты дзень у Парыжы адбудуцца ўрачыстасці, прысвечаныя адзначэнню 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны (1914- 1918). Пакуль свой удзел кіраўнік Беларусі не пацвердзіў.

Аб гэтым на сустрэчы з журналісткамі Белсату Вольгай Чайчыц і Ларысай Шчыраковай паведаміў дэпутат нацыянальнай асамблеі Францыі, прэзідэнт групы французска-беларускага сяброўства Крыстоф Лежэн (Christophe Lejeune).

11 лістапада на міжнародную мемарыяльную цырымонію ля Трыўмфальнай аркі запрошаны больш за 120 высокіх замежных гасцей, сярод іх больш 80 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін удзельніц Першай сусветнай вайны, еўрапейскія інстытуты, ААН і іншыя. Пасля цырымоніі высокія госці накіруюцца на сняданак у Елісейскі палац.

Як адзначыў Крыстоф Лежэн, міжнародная напружанасць сярод краінаў сёння расце. Між тым Першая сусветная вайна стала ўрокам для ўсяго свету, які важна памятаць. Таму ў гэты ж дзень кіраўнікі краінаў будуць адкрываць Парыжскі форум міру, асноўная задача якога – праца над прапановамі па зніжэнню напружання. У працы Форуму прыме ўдзел некалькі тысяч чалавек: кіраўнікі краінаў, прадстаўнікі вядучых міжнародных арганізацыяў і шырокай грамадскасці.

Мала хто з кіраўнікоў краінаў ужо адкрыта агучылі сваю згоду наведаць у гэты дзень Парыж. Вядома, што Дональд Трамп пагадзіўся прысутнічаць на цырымоніі.

11 лістапада ў Францыі адзначаецца Дзень перамір’я паміж былымі ворагамі. У гэты дзень у 1918 годзе было падпісана Камп’енскае пагадненне аб спыненні ваенных дзеянняў, заключанае паміж Антантай і Германіяй у французскім рэгіёне Пікардыя недалёка ад гораду Кампʼень. Для Францыі гэта важная дата. Традыцыйна кіраўнік краіны наведвае Елісейскія палі, каб ускласці кветкі да мемарыялу невядомаму салдату перад Трыўмфальнай аркай. Маштабнае адзначэнне з кіраўнікамі ўсіх краінаў удзельніц вайны запланаванае ўпершыню.

Першая сусветная вайна стала адным з самых маштабных канфліктаў у сусветнай гісторыі. Загінула болей за 9 мільёнаў чалавек, а таксама спынілі сваё існаванне тры імперыі: Расейская, Германская і Аўстра-Венгерская, але адрадзіліся, альбо стварыліся новыя дзяржавы. У Польшчы менавіта ў гэты дзень будзе адзначацца 100-годдзе Незалежнасці краіны.

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Стужка навінаў