Макей выказаў спадзяванне што пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму будзе падпісана да канца года


Беларусь спадзяецца, што пагадненне пра спрашчэнне візавага рэжыму і рэадмісіі да канца года будзе падпісана. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей у Бруселі, дзе праходзіць саміт 10-годдзя Усходняга партнёрства, паведамляе TUT.BY.

На саміце, дзе адбудзецца сустрэча кіраўнікоў МЗС краінаў Усходняга партнёрства плануецца падвесці вынікі 10-годдзя праграмы і вызначыць чакання на будучае.

«Мы маем намер дамагчыся падпісання прыярытэтнага партнёрства, працэс працы над які, на жаль, пакуль прыпынены. Спадзяюся, што да канца года мы прасунемся і ў плане падпісання двух пагадненняў: па рэадмісіі і спрашчэнні візавага рэжыму. Працаваць трэба і над тым, каб заключыць асноўнае пагадненне – аб супрацоўніцтве партнёрстве з ЕЗ», – заявіў Уладзімір Макей.

На думку кіраўніка МЗС, у любой ініцыятыве, у тым ліку і ва Усходнім партнёрстве не можна абысціся без нейкіх шурпатасцяў.

«Не бывае такога, каб краіна была ўсім задаволена, прымаючы ўдзел у нейкім інтэграцыйным аб’яднанні або выбудоўваючы свае стасункі з той ці іншай краінай, заўсёды ёсць нейкія нюансы. Важна не зацыклівацца на гэтых негатыўных нюансах, важна знайсці нешта агульнае, што абʼядноўвае, каб выйсці на паступальны прынцып развіцця», – лічыць Макей.

Як растлумачыў кіраўнік МЗС, кіраўнік Беларусі не прыехаў у Брусель, паколькі адносіны Беларусі і Еўразвязу пакуль не дасягнулі даволі высокага ўзроўню.

«Прыйдзе час, прыедзе і прэзідэнт. Пакуль у нашых стасунках захоўваюцца нейкія абмежаванні. Шчыра хачу сказаць, што пакуль мы не бачым, што ў межах нават сённяшніх мерапрыемстваў мы атрымалі б нейкую стоадсоткавую аддачу ад такога візіту. Візіт павінен быць максімальна выніковым і насычаным. Мы зыходзім з такіх падыходаў, але, думаю, у любым выпадку, сустрэчы, якія мы тут правядзем, будуць важныя для ўсіх бакоў», адзначыў міністр замежных справаў Беларусі.

– То бок Аляксандр Лукашэнка прыедзе ў Брусель толькі для падпісання аднаго з пагадненняў з ЕЗ? – удакладнілі журналісты.

– Не будзем загадваць, – адказаў Макей.

Нагадаем, ужо без малога пяць гадоў Менск і Брусель абмяркоўваюць два пагадненні – па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, – якія павінны быць падпісаныя ў пакеце. Другое важна для мігрантаў з іншых краінаў і органаў правапарадку. Грамадзяне Беларусі ўсё ніяк не могуць дачакацца першага дакументу, які прадугледжвае спрашчэнне візавых працэдураў. Пасля ўступлення гэтага пагаднення ў сілу шэнгенскія візы павінны патаннець да 35 еўра (пры афармленні ў пасольстве), вырасце колькасць бясплатных і доўгатэрміновых візаў. Перамовы па гэтых пагадненняў, як увесь час пазначаюць абодва бакі, ужо некалькі гадоў запар знаходзяцца «на стадыі завяршэння».

Статус іншага дакументу ў перамовах з ЕЗ – Прыярытэт партнёрства – пакуль невядомы. Там усё ўперлася ў пазіцыю іншай беларускай суседкі, Літвы, па будаўніцтву БелАЭС.

Hавiны
Макей прызнаўся, чаму Беларусь не падпісала Пагаднення аб прыярытэтах партнёрства з ЕЗ
2019.03.05 15:13

СК belsat.eu

Стужка навінаў