Майстру музычных інструментаў сілавікі знявечылі пальцы, наступалі нагамі на шыю і галаву

Білі штосілы, заганялі шпільку пад пазногаць, выкручвалі пальцы, а потым выкінулі ў калідор, каб не запэцкаў крывёй канапы – гэтак міліцыянты змушалі мужчыну прызнацца ва ўдзеле ў пратэстах у Пінску.

Творца музычных інструментаў Андрэй Шклёда прыехаў 10 жніўня са сваёй вёскі ў Пінскім раёне ў райцэнтр, каб прыкупіць харчоў і наведаць родзічаў. Вечарам брат з жонкаю праводзілі яго на аўтобус, а па дарозе мелі зайсці яшчэ ў краму ды прыкупіць яшчэ тое-сёе з прадуктаў. У цэнтры Пінску – на вуліцы Кірава – да іх нечакана пад’ехаў легкавы аўтамабіль, нумары якога былі заклееныя. З машыны выскачылі людзі ў цывільнай вопратцы і, не прадставіўшыся, накінуліся на мужчынаў з дручкамі. Павалілі іх на асфальт, заламалі ім рукі назад ды скулі кайданкамі.

Фота даслаў Belsat.eu Андрэй Шклёда

«Я быў у шоку. Думаў, што, можа, якія бандыты, разборкі, і мяне пераблыталі з некім», – успамінае Андрэй Шклёда.

Пасля гэтага мужчыну павезлі ў легкавіку ў аддзел, а ягонага брата забрала машына ДАІ.

«Білі і абзывалі ўвесь час. Мясілі на вуліцы і ў машыне, але гэта былі яшчэ кветачкі. Самае страшнае мяне чакала ў аддзеле, – расказаў майстар. – Шкуматалі, трэслі, білі рукамі і нагамі, дручкамі, у галаву стукалі нейкай кароткай металічнай прыладай, цяжкой, як кувалда. Перавярнулі тварам да падлогі, адзін з сілавікоў заціснуў мне нагамі галаву, а іншы ўдараў зверху – цюк-цюк-цюк – разоў, можа, 20 ці нават 30. Я думаў, гэта ніколі не скончыцца».

Паводле Андрэя, яго збівала каля 10 чалавек. Некаторыя былі ў форме АМАПу. Яны паўтаралі: «Гэта за нашых хлопцаў».

Андрэй Шклёда

Асабліва балюча майстру было, калі білі па кайданках. «Жалеззе ўпівалася ў рукі, кроў цякла, боль быў нясцерпны. Круцілі пальцы. Адзін заганяў мне пад пазногаць шпільку, якой плакаты мацуюць. Але іншы сказаў, каб не займаўся пустым. Крычалі, што расстраляюць. У пакоі мясілі іншых людзей. Мне цяжка сказаць, колькі, бо ў мяне ў вачах мільгала жоўтае святло, а ў вушах стаяў гул. Малады юнак 18-гадовы плакаў, што яны зараз будуць расстрэльваць. І я таксама шчыра верыў тады ў тое. Пачаў маліцца і рыхтавацца да смерці. А яны смяяліся. Праўда, удары тады нібыта былі слабейшыя», – распавёў Андрэй Шклёда.

Як узгадвае, ім у пэўны момант авалодала магутнае пачуццё адчаю і безвыходнасці, што ён быў гатовы да любой развязкі. «Там такое беззаконне панавала, што валасы дыбам станавіліся. Горш як на скатабойні, дзе бʼюць свіней і кароў. У мяне ўсё жыццё перад вачамі перакруцілася», – кажа творца інструментаў.

Калі нехта ў пакоі абураўся ці спрабаваў давесці, што ён невінаваты, то яго білі яшчэ мацней. Андрэй быў увесь акрываўлены. Кроў струменілася з дзвюх ноздраў і з барады.

«У кабінеце была канапа, дык міліцыянты баяліся, што я ім запэцкаю канапу ды вопратку, – выцягнулі мяне і кінулі на калідоры. Кайданкаў не здымалі. Я ляжаў у лужыне сваёй крыві», – распавёў затрыманы.

Псіхолаг-валанцёр: Не глядзіце навіны, як фільм жахаў

У калідоры адзін з АМАПаўцаў станавіўся затрыманаму нагою на шыю і галаву. Пазней збітага паднялі, бо майстар не быў у стане сам падняцца на ногі, ды пацягнулі ў наступны кабінет. Там яго паставілі пры сцяне ды пачалі правяраць заплечнік.

«Яны крычалі мне: бомж ты смярдзючы! У мяне ж барада, дык яны, мусіць падумалі, што я святар. Раўлі на мяне: поп! Я маўчаў, не адмаўляўся, думаў, што, можа, менш будуць біць», – распавёў майстар.

У мужчыны пры сабе былі ашчаджэнні ў доларах, адкладзеныя, каб канчаткова разлічыцца за дом, куплены сёлета ў вёсцы пад Пінскам.

«Міліцыянты як пабачылі грошы, то сталі крычаць, што гэта я вязу долары на мітынг, каб плаціць людзям за ўдзел у рэвалюцыі», – адзначыў Андрэй.

«Яны білі мяне як мяса». Напалі на машыну, катавалі, зрабілі фігурантам крымінальнай справы

Потым затрыманага пацягнулі ў цір – літаральна шпурнулі галавой уперад. Кінулі некалькі вільготных сурвэтак і загадалі: «Выцірай рыла! Добра выцірай». Зняволеныя таксама прынялі Андрэя за святара, зашапталіся: «Глядзіце, глядзіце, бацюшку збілі. Ладна ўжо нас, але за што бацюшку?»

У ціры было вельмі шмат людзей – блізу 200 мужчынаў і жанчын. Пазней прысутным загадалі сесці, бо не было месца для новапрыбылых. Гэта былі пераважна выпадковыя людзі, якія ішлі з крамаў ці вярталіся з працы. Побач валяліся батоны, памідоры, кілбаса з іхных торбаў. На міліцыянтаў нельга было глядзець. Той, хто падымаў вочы, атрымліваў чарговую серыю ўдараў.

Фота даслаў Belsat.eu Андрэй Шклёда

«У ціры штосьці сталася з дзяўчынаю. Яе вынеслі самлелую. Пачалася нейкай мітусня. Яны нават нібы падабрэлі крыху… Міліцыянты казалі потым, што тая дзяўчына здзейсніла самагубства. Я падумаў, што могуць забіць кожнага і спісаць на самагубства. Там быў адзін дзядуля. Міліцыянты думалі, што ён заснуў і храпе ў сне. А ён быў без прытомнасці і хрыпеў, бо не мог дыхаць. Казалі, што ў яго нешта з сэрцам. Што з імі сталася, я не ведаю», – распавёў Андрэй.

Паводле яго, пад раніцу прыйшоў афіцэр, начальнік міліцыі, і сказаў, што 90 % затрыманых – гэта нявінныя. Папрасіў прабачэння і патлумачыў, што гэта была спецыяльная аперацыя. Сказаў:

«Але мы не можам вас вызваліць проста так. Такі закон, што прысудзім штрафы. Нам не хапае на амуніцыю. А вас узяць – гэта ж казённая сіла траціцца, трэба хлопцаў пакарміць».

Андрэй не мог паверыць уласным вушам:

«За тое, што яны мяне пабілі, то я яшчэ мушу заплаціць? Цудоўныя парадкі!»

Бясконцая ноч катаванняў у аўтазаку і РАУС. Юнака схапілі амапаўцы, калі той вяртаўся дадому

Майстра прывялі да следчага, а той паставіў умову: выпусцім толькі тады, калі няма прэтэнзіяў. Андрэй хацеў як мага хутчэй вырвацца з міліцэйскіх засценкаў, таму пагадзіўся. Яму загадалі падпісаць нейкую паперу, але не дазволілі прачытаць.

Пасля таго, як вярнуўся дадому, ён два дні не ўставаў з ложка, кожны рух прычыняў яму боль.

«Не магу працаваць рукамі. Не ведаю, можа, якія нервы мне перабілі, не адчуваю двух пальцаў на правай руцэ. Званіў кліент, хацеў зрабіць замову, але я адмовіўся. Я ўвесь перабіты, перакручаны, як фарш», – кажа майстар.

Ён падкрэслівае, што яго не пакідае страх. Міліцыянты ў пастарунку пагражалі расправаю не толькі яму, але і ягонай жонцы ды дзіцяці.

«Я веру, што яны могуць забіць. Яны на ўсё здольныя», – кажа Андрэй.

Віктар Шукеловіч belsat.eu

Hавiны