Лукашэнка загадаў кіраўнікам дзяржмедыяў, каб тыя не перабольшвалі, нахвальваючы прэзідэнта


Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з рэдактарамі буйнейшых СМІ краіны падкрэсліў, што беларускае медыяполе ў бліжэйшы час сутыкнецца з нарастаннем пагрозаў. Ён заўважыў, што сёння прэса – гэта не толькі сродак данясення інфармацыі, але і паўнавартасная зброя масавага паражэння, піша прэсавая служба кіраўніка краіны.

«Падтасаваныя факты, фэйкі, так званая постпраўда, калі аўдыторыяй умела маніпулююць, наўмысна адводзяць ад сапраўды важных праблем, – гэтая і іншая інфармацыйная атрута падобная да хімічнай зброі. Ці тое яшчэ будзе. Нас чакаюць яшчэ больш складаныя рэчы, якія проста будзе цяжка аспрэчваць. Прынамсі, у бліжэйшым прамежку часу. Гэтая няпраўда, хлусня выкошвалі цэлыя пласты насельніцтва, робячы іх безабароннымі перад сваім разбуральным уздзеяннем. Таму інфармацыйнае супрацьстаянне цяпер адыгрывае асаблівую ролю», – распавёў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што наша краіна з усіх бакоў працятая рознымі медыйнымі патокамі і канкурэнцыя на інфармацыйным полі сёння вельмі жорсткая

«Мы ж знаходзімся ў такім становішчы, што нам і ад саюзнікаў дастаецца, і ад супернікаў або ворагаў, як мы іх называлі. І ў гэтым плане Беларусь прастрэльваецца з усіх бакоў. Ды і ў буйных замежных СМІ ў дачыненні да нашай краіны часта з’яўляюцца інсінуацыі, а часам і зусім хлусня і паклёп», – адзначыў кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што традыцыйныя СМІ застануцца запатрабаванымі ў бліжэйшыя гады. Менавіта яны павінныя фармаваць грамадзянскую думку ў краіне.

«Калі вы штосьці пра прэзідэнта сказалі, вам ніхто ніколі сумленна, аб’ектыўна ў вока не тыкне і не скажа, што зладзюга нейкі ці чалавек, які займаецца прапагандай дзеля таго, каб толькі ўтрымаць уладу і забяспечыць сябе і сваё бліжэйшы асяроддзе. Але гэта не значыць, што трэба перабольшваць, нахвальваючы прэзідэнта. Трэба ўсё рабіць па-дзелавому», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

СК belsat.eu

Стужка навінаў