20 сакавіка на сустрэчы Аляксандр Лукашэнкі з творчай моладдзю студэнты пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы, ці не хоча ён сабе завесці акаўнт у папулярнай сацыяльнай сетцы – маўляў, уся моладзь актыўна карыстаецца ёю і магла б чытаць там інфармацыю аб дзейнасці кіраўніка Беларусі.
Лукашэнка распавёў, што ягоная прэс-сакратар Наталля Эйсмант даўно прапаноўвае яму асвоіць сацыяльныя сеткі.
«Марай жыве, каб у мяне недзе там старонка была», – сказаў Лукашэнка.
Паводле кіраўніка Беларусі, гэта для яго вялікая адказнасць.
«Там жа будзе нават не тысяча зваротаў, праглядаў, заяваў. Вы ж будзеце пісаць з разлікам на камунікацыю з прэзідэнтам, – цытуе яго БелТА. – Я устрымліваюся ад гэтага, ведаючы, што я не здужаю, не змагу адказваць на ўсе запыты і вашыя пытанні. Вось у мяне такія пакуты і развагі. Таму я не спяшаюся гэта рабіць».
Лукашэнка дадаў, што ў яго ёсць сайт і прапанаваў пісаць туды.
Прэсавая сакратарка Лукашэнкі сказала, што цяпер абмяркоўваюць ідэю стварыць старонку прэс-службы кіраўніка дзяржавы.
«Гэта, можа, не такая адказнасць, як асабістая старонка прэзідэнта. Але, прынамсі, там у нас будзе магчымасць дзяліцца больш нефармальнымі фатаграфіямі, тым, што мы не зможам размясціць на сайце», – Наталля Эйсмант.
Аляксандр Лукашэнка паабяцаў падумаць над гэтымі прапановамі.
Адзін з самых вядомых здымкаў Лукашэнкі ў «Інстаграме» апублікаваны на акаўнце Вікторыі Рачыцкай-Карылет, ён сабраў больш за 1300 лайкаў.
Сярод прэзідэнтаў усіх краінаў-суседак Беларусі «Інстаграма» няма толькі ў Уладзіміра Пуціна.
ДД