Лукашэнка пра «разварот у бок Захаду»: Не разгортваліся і не будзем


Кіраўнік Беларусі падчас сённяшніх кадравых прызначэнняў адказаў на «крытыку ў медыях і інтэрнэце».

Пра «разнос» ураду»

«Некаторыя кажуць, вось, прэзідэнт зладзіў разнос. Нейкая паказальная лупцоўка, кадравыя чысткі. Ніякі разнос, ніякія чысткі прэзідэнту нявыгадныя. Таму што ўрад фармуе прэзідэнт. Так, ён кансультуецца, вывучае гэтыя кандыдатуры з грамадскімі арганізацыямі… Але ўказ падпісвае прэзідэнт па прызначэнні чальцоў ураду. І што, вы хочаце сказаць, што я прызначыў гэтых чальцоў, каб разнос зладзіць? Гэта значыць самому сабе. Таму прэзідэнту ну ніяк не выгадна мець такі ўрад, якому трэба ладзіць разнос », – заявіў кіраўнік краіны.

«Але калі ўрад, прызначаны прэзідэнтам, не тое што не праводзіць той курс, які пазначаны, які народам выпакутаваны і падтрыманы гэтым урадам публічна, ды яшчэ не выконвае рашэнні прэзідэнта… Якая павінная быць мая рэакцыя? Я што, павінен з боку глядзець?» – запытаўся кіраўнік дзяржавы.

«У нас ёсць прыклады недалёка, калі ўсе глядзяць з боку і нічога не робяць. І вы ведаеце, якая рэакцыя народу», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра «папулізм»

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што некаторыя намякаюць на выбары і кажуць пра тое, што прынятыя рашэнні – гэта папулізм.

«Я калі прачытаў, сам падумаў, а калі ў нас выбары прэзідэнцкія… Аказваецца, у нас у 2020-м годзе толькі тэрмін. Гэта яшчэ паўтэрміна. Які папулізм пад выбары? Гэта камусьці хочацца, каб выбары былі заўтра ці паслязаўтра. Але я ўжо на гэтае пытанне адказваў. Выбары прэзідэнцкія мы правядзем строга паводле Канстытуцыі нашай краіны. У нас няма ніякай неабходнасці сёння ці заўтра праводзіць наступныя прэзідэнцкія выбары і пад гэта развіваць нейкі папулізм. Дурасць несусветная!» – падкрэсліў Лукашэнка.

Пра «прысуд сістэме»

«Некаторыя глыбей глядзяць: »Гэта – прысуд сістэме«. Гэта значыць сістэма ўлады, палітыка ўнутры краіны не тая, сістэма дрэнная», – заўважыў кіраўнік Беларусі, выказваючыся пра каментары асобных людзей.

«Гэта камусьці хочацца, каб быў такі прысуд сістэме. Ці, як некаторыя кажуць: »Сістэма пахіснулася «. Дык вось гэтыя рашэнні як раз і прынятыя, каб сістэма не пахіснулася», – заявіў кіраўнік краіны. Паводле яго, іншай сістэмы ў Беларусі няма, і ніхто не прапанаваў іншай сістэмы і ўлады, і развіцця Беларусі наўзамен той, якая існуе.

«Адна балбатня», – звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

«І потым, я ўжо таксама звяртаў увагу. Бо, калі я прымаю нейкія рашэнні, даю ўказанні, гэта не экспромт. Гэта выпакутаваныя рашэнні разам з урадам, з вамі», – сказаў ён. Гучаць таксама прапановы абвясціць адкрыты конкурс на пасады ва ўрадзе. «Мы нагледзеліся ў краінах Усходняй Еўропы, у Расеі іх праводзілі, ва Украіне, мы наглядзеліся на гэтыя конкурсы. І што?» – сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што патрэбныя дасведчаныя людзі, якія ўмеюць нешта рабіць.

Пра «жаданне паказаць ці паказацца Пуціну»

«Некаторыя, асабліва расейцы», плявузгаюць«, інакш не скажаш: »Лукашэнка хоча нешта паказаць або паказацца Пуціну «. Слухайце, мы адзін аднаго ведаем, напэўна, больш за 20 гадоў. Мне што паказваць трэба Пуціну? Ён мяне ведае, як у народзе кажуць, як аблупленага. І я яго так сама ведаю. Што нам адзін аднаму яшчэ паказваць? Я ў Крэмль даваць справаздачу не езджу. Мы дамовіліся пра нашыя ўзаемаадносіны. У нас самыя прасунутыя адносіны – у саюзе Беларусі і Расеі. Мы заключылі масу, больш за сотню нарматыўна-прававых актаў, у нас створаная пэўная база. Мы вусна можам прымаць рашэнні і рэалізоўваць іх. У нас вельмі добрыя і блізкія адносіны », – сказаў кіраўнік Беларусі.

«Але што мы хочам ад Расеі? Калі Расея падпісала з Беларуссю дамову, пагадненне, мы патрабуем, каб гэта бездакорна выконвалася. І я адкрыта кажу, што мы ніколі не станем васаламі ніводнай краіны. Не трэба ад нас патрабаваць, як некаторыя пачынаюць ужо на злобу дня пісаць: »Трэба хутчэй Лукашэнку ўступіць у склад Расеі і Беларусь туды скінуць«. »Гэта будуць апошнія дні палітыка ў Беларусі, які прыме такое рашэнне. І навошта гэта ў сучасным свеце? Мы можам існаваць у саюзе з Расеяй і вырашаць нашы агульныя задачы без аніякіх праблемаў. Гэта самая блізкая нам краіна. Мы адзін народ фактычна. Мы ад аднаго кораня, – беларусы, расейцы і ўкраінцы«, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. »Мы не хочам паўтарэння таго, што адбываецца ва Украіне з Расеяй – канфлікт гэты. Нам гэта не трэба. І Расеі гэта не трэба. Таму што ў яе адзінае акно ў 1 тыс. кіламетраў з усходу на захад – гэта Беларусь. Расея мае патрэбу ў стабільнай Беларусі», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Расея баіцца страціць Беларусь, некаторыя кажуць, што рэспубліка разгарнулася на Захад.

«Ды нікуды мы не разгортваліся і разгортвацца не збіраемся. Наш лёс вызначана госпадам быць тут – у цэнтры Еўропы. Вось гэтым трывалым моцным мастом паміж Усходам і Захадам», – падкрэсліў ён.

Пра прапановы »усіх саджаць, а не звальняць«

«Некаторыя нашыя грамадзяне занадта радыкальныя. І раяць прэзідэнту: «Саджаць усіх трэба, а не звальняць». Вінаватыя сядуць. Але ў краіне павінен быць закон, і ўсё павінна быць паводле закону. І іх нямала ўжо пасадзілі – тых, хто парушае гэты закон. І гэты закон для ўсіх аднолькавы: і для чыноўнікаў, і для рабочых, і для сялянаў, для спецыялістаў, настаўнікаў і лекараў…. Усё будзе паводле закону», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што карупцыя недапушчальная.

«І вас хачу пра гэта папярэдзіць асоба. Таму што заўтра вакол вас пачнуць віцца бізнесоўцы і іншыя, якія хочуць лёгкага жыцця. Вы з усімі сустракайцеся, размаўляйце, хадзіце з імі ў лазню, калі хочаце. Можаце з імі нават сто грам выпіць. Але памятайце, што вы – людзі дзяржаўныя. Маральны вашае аблічча і паводзіны на вачах у людзей. У мяне няма звычкі хадзіць за чыноўнікам, і нават чальцом ураду, глядзець, куды ён пайшоў. Хадзіце, куды хочаце. Гэта вашае права. Вы павінныя бачыць, чым жыве грамадства, і вы жывяце ў гэтым грамадстве. Але памятайце: на любое парушэнне, асабліва хабары, карупцыйныя і іншыя праявы, будзе імгненна рэакцыя з майго боку, як бы мне балюча гэта ні было», – папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

«Але паверце, мне больш балюча, чым каму-небудзь. Таму што вы – мае «дзеці». Мне што, прыемна было гэтых людзей (з папярэдняга кіраўніцтва ўраду – заўв.) звольніць? Дапусцім, Сямашка столькі прапрацаваў. І той жа Кабякоў – і там, і там… І Васіль Іванавіч Жарко. Але калі правалы ў працы… Калі ў Васіля Іванавіча Жарко карупцыянеры вакол… І я тройчы папярэджваў: паглядзі, разбярыся… А там – абвал… Як я магу працаваць з такім чалавекам?» – сказаў беларускі кіраўнік.

Аб «навядзенні марафету»

«Некаторыя перажываюць, што да майго прыезду, візіту ў той ці іншы рэгіён Беларусі марафет наводзяць. Хто дарогі мяняе, хто яшчэ нешта… Я скажу таксама па-народнаму: а як вы думалі? Калі да Качанавай або Сяргея Румаса прыходзіць госць, яны што, у доме не прыбіраюць? А тут жа прэзідэнт прыехаў. Ён, можа, адзін раз у пяцігодку або ў два-тры гады да цябе прыедзе. І ты што, парадак не навядзеш? Ну, гэта наагул абуральная была б непавага да прэзідэнта», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Ну і потым, тое, што будзе зроблена, яно ж там застанецца. Я ж з сабой гэта не забяру», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго, непрымальна толькі адно: калі наводзяць глянец з таго боку, адкуль пад’едзе прэзідэнт:

«Але вы ведаеце маю практыку. Ніколі такога не было, каб я падышоў з боку гэтага глянцу і не зайшоў з адваротнага боку. Таму я ўсё бачу. Але людзі павінныя разумець, што дабрабыт, чысціня і парадак у горадзе, на вёсцы залежаць не толькі ад чыноўнікаў, але і ад саміх гэтых людзей. Таму калі хтосьці да прыезду прэзідэнта зробіць добрую справу, я буду толькі ўдзячны. Але гэта павінна быць планава, людзі павінныя бачыць карысць ад гэтага, гэта не павінна быць паказушным. Ніякіх пацёмкінскіх вёсак у Беларусі няма і ніколі не будзе».

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Глядзі таксама
Каментары